Футбаліст «Менску» атрымаў страшную траўму падчас матчу. Яго вынеслі на насілках


Пасля штуршка суперніка форвард «Менску» Сямён Пяньчук вылецеў з поля і на ўсёй хуткасці стукнуўся аб металічны плот. Футбаліст пакінуў гульню на насілках.

Здарэнне падчас футбольнага матчу 3 траўня.
Фота: pressball.by

3 траўня, у рамках сёмага тура чэмпіянату Беларусі па футболе, ФК «Менск» прымаў на поле САК «Алімпійскі» жодзінскае «Тарпеда-БеЛАЗ». І ў самым дэбюце гульні гулец гасцей Дзяніс Лявіцкі штурхнуў 23-гадовага нападніка гаспадароў Сямёна Пяньчука ў спіну, і гулец «Менску» на высокай хуткасці ўляцеў у металічную агароджу, якая знаходзіцца ўсяго за 1,5 метра ад краю поля. Пяньчук гульню працягнуць не змог і пакінуў газон на насілках.

У гэтай сітуацыі звернем увагу на некалькі момантаў: клуб-арганізатар гульняў разам з адміністрацыяй стадыёна абавязаны забяспечыць бяспеку гледачоў і ўдзельнікаў матчаў. Адлегласць у паўтара метра ад краю поля да металічнага плота не выглядае бяспечным, але нікога гэта не спыніла. Лявіцкі за гэты штуршок таксама застаўся бяскарным, а момант траўмы Пенчука не быў уключаны ў афіцыйны пасляматчавы ролік.

«Для мяне відавочна, што металічная агароджа так блізка ад поля знаходзіцца не павінна, гэта прамая пагроза здароўю і нават жыццю ўдзельнікаў матчаў. Зразумела, што падобнага быць не павінна, і інспектар не павінен быць дазваляць правядзенню гэтай гульні. Але поле САК «Алімпійскі» афіцыйна прынята для правядзення паядынкаў чэмпіянату Беларусі, і праяўляць ініцыятыву, тым больш у такі час як зараз, ніхто не будзе, прасцей спадзявацца, што пранясе. Бо шмат разоў усё было нармальна. Упэўнены, што і пасля гэтага выпадку нічога не змяніцца, і ФК «Менск» працягне прымаць супернікаў на гэтым полі, бо з траўня па кастрычнік каманды вышэйшай лігі павінны гуляць на натуральных палях, у ФК «Менск» на яго арэне поле штучнае», – сказаў «Белсату» на ўмовах ананімнасці былы арбітр чэмпіянату Беларусі па футболе.

Сам матч завяршыўся перамогай гасцей 2:1, яе двума дакладнымі ўдарамі ў самым канцы гульні прынёс Максім Скавыш. «Тарпеда-БелАЗ» выйшаў на другое месца ў чэмпіянаце. «Менск» пакуль не ведае перамог і займае перадапошнія месца ў турніры. Праз складанае фінансавае становішча сталічнага клуба ён вымушаны гуляць маладымі гульцамі, у асноўным выхаванцамі сваёй футбольнай школы. Затое ў клуба ўсё добра з ідэалагічнай падрыхтоўкай, гэты кірунак узначальвае былы амапавец Аляксандр Якімаў.

Гэта не першы выпадак, калі праз дзеянні арганізатараў матчаў ствараецца рэальная пагроза здароўю ўдзельнікаў. Так у лістападзе мінулага года перад матчам вышэйшай лігі «Смаргонь» – «Дынама» (Берасце) на поле стадыёне «Юнацтва» выехала спецтэхніка, якая багата пасыпала газон пяском і соллю. Праз гэта і нізкую тэмпературу поле ператварылася ў каток і было не прыдатнае для гульні ў футбол, тым не менш было прынята рашэнне праводзіць гульню. У выніку гэта прывяло да трагедыі: гулец моладзевай зборнай Беларусі і берасцейскага «Дынама» Ілля Багдановіч парваў меніскі і крыжападобныя звязкі і да гэтага часу цалкам не аднавіўся.

АС belsat.eu

Стужка навінаў