Тэмы праграмы:
Беларусь – сярод лідараў у свеце паводле заражэння каронавірусам, а ў колькасці хворых на COVID-19 абагнала 38-мільённую суседнюю Польшчу! Але варта дадаць, што і ў колькасці тэстаў на душу насельніцтва таксама. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі ў нашай краіне захварэлі каля 15 тысячаў чалавек, і штодня гэты лік павялічваецца ледзь не на тысячу. Як цяпер варта змагацца з COVID-19 і куды можа завесці краіну цяперашняя палітыка ўладаў у дачыненні пандэміі? Матэрыял Змітра Міцкевіча.
Як у свеце каментуюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да пандэміі? Як будзе выглядаць жыццё пасля хвалі каронавірусу? Інтэрв’ю з Франкам Вячоркам, віцэ-прэзідэнтам «Digital Communication Network».
Еўрапейскія краіны працягваюць паслабляць каранцін. Пасля дзіцячых садкоў адчыняюцца гатэлі, музеі, бібліятэкі, гандлёвыя цэнтры, неўзабаве пачнуць працаваць і рэстараны. Што праўда, забяспечыўшы сацыяльную дыстанцыю для наведнікаў. Чэхія стала першай краінай Еўразвязу, якая прыняла рашэнне адкрыць межы, каб грамадзяне маглі выязджаць на адпачынак. Беларусь межаў ні з кім не закрывала. Ці гэта азначае, што беларусы змогуць летам адпачываць за мяжой? Матэрыял Насты Ільіной.
Беларусь разам з Арменіяй разам патрабавалі ад Расеі змяншэння цаны на газ. Ці Масква пайшла на саступкі сваім саюзнікам? Ці можа нашая краіна зменшыць залежнасць ад Крамля і пашырыць мапу імпарту прыроднага газу, як намагаецца зрабіць з пастаўкамі нафты? Матэрыял Усевалада Шлыкава.
Жывы і хаваецца ад эпідэміі ці памёр у выніку аперацыі. Што адбываецца з кіраўніком КНДР – Кім Чэн Ынам – адна з галоўных інтрыг апошніх дзён. СМІ збіраюць версіі, палітыкі суседніх краінаў каментуюць тое, што адбываецца, але хваля чутак не сціхае. Адна з версіяў – паўночнакарэйскі лідар хаваецца ад каронавіруса, хоць у Пхеньяне настойваюць, што на тэрыторыі сацыялістычнай краіны да гэтага часу не было ні аднаго выпадку заражэння. Матэрыял Святланы Аўчаровай.
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.
Калаж з фота: VASILY FEDOSENKO/Reuters/Forum