Бура эмоцыяў вакол інтэрв’ю амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Ці адказ беларускіх дыпламатаў быў адпаведны? Хто ён – спецыяльны прадстаўнік Пуціна ў Менску і навошта прыехаў у нашую краіну? Гэта галоўная тэма «Прасвету». Больш пра тэмы праграмы:
Інфармацыйны суверэнітэт і нейтралітэт, важнасць нацыянальных традыцыяў, беларускай мовы і гісторыі – гэта асноўныя палажэнні гэтак званай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Дакумент, а хутчэй, яго чарнавік, з’явіўся адразу ў шэрагу тэлеграм-каналаў. Гледзячы на дачыненні з суседнімі краінамі, часткова і выбарачна тая канцэпцыя пачала выконвацца ўжо раней. Чаму толькі цяпер яе пастанавілі аформіць на паперы? Матэрыял Усевалада Шлыкава.
Якімі інструментамі абароны інфармацыйнай бяспекі валодае афіцыйны Менск? Што на практыцы азначае Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі? Каментуюць Зміцер Міцкевіч і кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus security blog» Андрэй Паротнікаў.
Роўна 20 гадоў таму Паўночнаатлантычны альянс пашырыўся да межаў Беларусі, прыняўшы ў свае шэрагі Польшчу, а таксама Чэхію і Вугоршчыну. Гэтак краіны, якія доўгі час былі пад уплывам Савецкага Саюзу, канчаткова пацвердзілі свой заходні выбар. Як гэтая падзея выглядае з перспектывы часу, а таксама з перспектывы Беларусі, высвятляла Вольга Жарнасек.
У беларускай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ёсць супярэчнасці а амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч паводзіць сябе як высокапастаўлены чыноўнік, але не дыпламат. Якія ілюзіі ўплываюць да дачыненні Менску з Масквою? Каміль Клысіньскі, галоўны аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве, каментуе спрэчку паміж Міністэрствам замежных справаў Беларусі і амбасадарам Расеі а таксама змену рыторыкі Лукашэнкі ў стасунку да НАТО.
Упершыню Расея ўвяла эмбарга на пастаўкі малдаўскага алкаголю ў 2006-ым годзе. Тады віны і каньякі з Малдовы займалі прыблізна 60 адсоткаў расейскіх рынкаў. Гэты ўдар па галоўнай галіне экспарту быў палітычны ў сваёй сутнасці і вельмі балючы. Гэтак Крэмль рэагаваў на спробы Кішынэву абіраць праеўрапейскі вектар развіцця. Калі эмбарга знялі, частка вінаробаў пераарыентаваліся і на расейскі рынак вяртацца не збіраюцца. На малдаўскае віно ёсць попыт нават у Азіі ды Амерыцы. Але хто яго галоўны імпарцёр?
Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!