Вяскоўцы сабраліся для размовы з нашым карэспандэнтам у адной з хатаў. Святлана Мамекіна, жывёлагадоўца, кажа, што за студзень працаўнікі атрымалі вельмі малыя заробкі.
«Было налічана 273 рублі, на рукі я атрымала 90. Разлікоўкі далі, мы запыталіся ў галоўнага зоатэхніка: «Чаму так мала?» Нам адказалі: «Усе пытанні – у райвыканкам. Няма грошай у гаспадарцы, малака няма – вы нічога не атрымаеце», – распавядае Святлана.
Да размовы далучаецца Таццяна Давыдава, якая працуе аператаркаю машыннага даення.
«Адпрацавала 29 дзён, без выходных, 136 рублёў – усё!», – скардзіцца жанчына.
Наталля Каверына, якая шмат гадоў адпрацавала на малочнай ферме, за студзень атрымала 320 рублёў заробку.
«Я працавала і ў святочныя дні, і ў выходныя. Мне не заплацілі за іх», – кажа Наталля.
Новы комплекс малочнай фермы, дзе спадарыня Наталля працуе улікоўцаю сельгаспрадукцыі, пабудавалі пяць гадоў таму. Яна кажа, што надоі малака за апошнія месяцы скараціліся ў некалькі разоў. А раней даяркі атрымлівалі па 1000 рублёў і болей. Цяпер працаўнікі наракаюць на адсутнасць добрай кармавой базы для жывёлы.
«Калі камбікорм даюць, то больш малака надойваецца. Камбікорму няма недзе каля года», – адзначае Наталля.
Далей разам са Святланаю Якіменкай рушым на ферму № 1, дзе яна працуе даяркаю. За 100 літраў надоенага малака жанчына атрымлівае 1 рубель 68 капеек. Жанчына саромеецца прадэманстраваць апошні ўдой. З каровы атрымалася недзе каля літра малака.
Каб разабрацца ў сітуацыі з мізэрнымі заробкамі працаўнікоў, карэспандэнт праграмы патэлефанаваў Таццяне Некрашэвіч, старшыні Шчадрынскага сельскага савету.
«Былі парушэнні працоўнай дысцыпліны ў іх, таму і заробкі адпаведныя. Але справа ў тым, што не паспелі дакументальна аформіць, утрымаць з людзей утрымалі, а дакументальна не паспелі аформіць. Таму гэта віна бухгалтэрыі, яны віну прызналі, людзям сродкі будуць кампенсаваныя», – адказала старшыня сельсавету.
Юрый Белякоў, юрыст прафсаюзу РЭП, раіць у такіх выпадках звяртацца да органаў кантролю.
«Гэта значнае парушэнне. За гэта на кіраўнікоў накладаюць адміністратыўную адказнасць. Гэтым займаецца пракуратура, орган, які цягам 10 дзён мусіць правесці праверку і неяк адрэагаваць. Дэпартамент дзяржінспекцыі працы займаецца гэтым цягам месяца, і можна адразу звяртацца ў суд», – раіць юрыст.
Пакуль гэты сюжэт рыхтаваўся да эфіру, стала вядома пра звальненне дзвюх працаўніц: Таццяны Давыдавай ды Ірыны Баранавай. Яны ў тым ліку прыходзілі на сустрэчу з карэспандэнтам «Маю права». Прычына – нібыта парушэнне працоўнай дысцыпліны. Жанчыны плануюць абскардзіць гэта рашэнне.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.