Віктар Стахвюк за жыццё пераспрабаваў шмат розных заняткаў. Цяпер ён гаспадарыць ва ўласным лесе на Падляшшы, ля вёскі Трасцянка.
Віктар Стахвюк – гаспадар, пісьменнік і мастак, селянін і інтэлігент, настаўнік і прадпрымальнік, інжынер і філолаг. Ён выехаў з роднай вёскі па навуку, і толькі калі прапрацаваў 15 гадоў у педінстытуце ў Чэнстахове (Польшча), пастанавіў кінуць усё і вярнуцца ў родныя мясціны. Тут гэты энергічны чалавек стварыў адна па адной некалькі фірмаў ды заснаваў радыё «Рацыя» ў Беластоку.
Цяпер ён на пенсіі ды прысвяціў сябе працы ва ўласным маёнтку, дзе ёсць і палі, і лясы (так, у Польшчы прыватная асоба можа валодаць лесам).
У свае 72 гады ён у цудоўнай форме:
«Працую, падымаю, кашу, важу і дай Божа».
Яшчэ ён піша вершы і ладзіць літаратурныя сустрэчы – пікнікі роднага паэтычнага слова, дзе пісьменнікі чытаюць для публікі сваю паэзію.
Ён пакажа свой маёнтак, раскажа пра сваё бурлівае жыццё і родную Трасцянку, што славіцца драўлянай архітэктурай і асабліва сваймі аканіцамі. Акрамя таго, пачытае свае вершы, напісаныя на падляскай мове. Усё гэта – у першым сюжэце чарговага выдання праграмы «Беларускі свет».
Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.