Ці магчыма пабудаваць Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы?


Аляксандр Атрошчанкаў лічыць падзеі 2020 года ў Беларусі фальстартам і не чакае добрых навінаў у найбліжэйшыя гады. Павал Баркоўскі кажа, што ёсць прычыны, чаму беларуская Паўночная Карэя ўсё ж не зможа адбыцца. Хто з іх мае рацыю?

«На жаль, тое, што Паўночная Карэя ў цэнтры Еўропы немагчымая, мы чуем ужо 28 гадоў, што Лукашэнка застаецца прэзідэнтам. І на жаль, штогод Беларусь бліжэйшая да гэтай мадэлі і з вельмі страшнай хуткасцю яна пачала набліжацца апошнія 2,5 года, калі пасля рэпрэсіяў унутры Беларусі, пасля мігранцкага крызісу, пасля пачатку паўнавартаснай агрэсіі супраць Украіны межы ўжо закрываюцца фактычна так, утвараецца аналаг жалезнай фіранкі. Але самае страшнае тое, што ў Беларусі няма ўласных сцэнароў, якія б яна была ў стане прасоўваць. Мы бачым, што Расея рэалізуе свае сцэнары, Украіна намагаецца рэалізаваць свае, а ў Беларусі іх няма. Спробу Лукашэнкі неяк пераседзець Пуціна, я, на жаль, не магу назваць пазітыўнай павесткай», – тлумачыць Аляксандр Атрошчанкаў.

«Тое, што адбывалася ў Паўночнай Карэі, – гэта вынік пэўнага гістарычнага працэсу. І гэты працэс пачаўся за часамі халоднай вайны, і ён стаў магчымы менавіта таму, што гэта апірышча на моцную ідэалогію, ідэалогію яшчэ часоў камунізму, гэта моцны стабільны саюзнік – Кітай, які фактычна спансуе гэты рэжым і дае яму таксама фактычна магчымасць існаваць больш-менш спакойна. Усё гэта не так у беларускай сітуацыі», – мяркуе Павел Баркоўскі.

Ён вылучае тыя асаблівасці, якія адрозніваюць Беларусь ад Паўночнай Карэі. Але Аляксандр Атрошчанкаў не пагаджаецца з Паўлам Баркоўскім і дадае, што Беларусь сёння стаіць на цывілізацыйным разломе і мае ўсходняга суседа, які гатовы падтрымліваць рэжым, накшталт таго, як гэта робіць Кітай у выпадку з Паўночнай Карэяй.

На думку Паўла Баркоўскага, Расея сёння ідзе па-банку і сутыкнецца з тым, што з улікам патрэбы развязваць унутраныя праблемы пасля вайны з Украінай ёй можа не хапіць рэсурсаў на «апошняга саюзніка».

«Вайна можа скончыцца цягам найбліжэйшага года. Расеі давядзецца перафарматоўваць свой цэнтр улады, выплочваць рэпарацыі. І ў Расеі будзе да халеры ўласных праблемаў, каб «данаціць» яшчэ і на беларускі рэжым», – выказвае меркаванне Павел Баркоўскі.

Але ці сапраўды для Лукашэнкі параза Расеі будзе азначаць і канец ягонай уладзе? На што ў такім разе разлічваюць ягоныя сілавікі? Якое месца ў будучых падзеях зойме беларускі народ? Што паслужыць моцным трыгерам для новага абуджэння беларускага грамадства? Падзеі 2020 года былі фальстартам, ці гэта натуральнае развіццё гістарычнага працэсу? Ці могуць на змену рэжыму паўплываць санкцыі і эканоміка ў цэлым? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

  • Павал Баркоўскі, філосаф;
  • Аляксандр Атрошчанкаў, былы палітвязень, сузаснавальнік Reform.by 

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube