Люстрацыя ўратуе Беларусь ад магчымай контррэвалюцыі і выратуе чыноўнікаў ад судоў Лінча, якія будуць здзяйсняць беларусы. Так лічыць Арцём Праскаловіч. Люстрацыя павінна будзе кіравацца індывідуальным падыходам, лічыць Вольга Кавалькова. Хто з іх мае рацыю?
Рэпрэсіі, якія рэжым Лукашэнкі ажыццяўляе датычна беларускага народу, прымушаюць беларускія дэмакратычныя сілы задавацца пытаннем: «Ці павінна быць у будучай вольнай Беларусі люстрацыя?»
«Люстрацыя патрэбна Беларусі гэтак жа сама, як і рэформы, гэтак жа сама, як і перабудовы ва ўсіх сферах грамадскага і эканамічнага жыцця пасля дэмакратычных зменаў. І трэба разумець, што люстрацыя – гэта не пра пазасудовае прыцягненне да адказнасці, гэта не пра масавыя звальненні, гэта нармальны, прававы, законны, дэмакратычны інстытут. І якасць гэтай люстрацыі будзе залежаць ад таго, наколькі дасканала яна будзе прапісаная ў адпаведным акце заканадаўства», – тлумачыць Арцём Праскаловіч.
Ён сам прапрацаваў чыноўнікам цягам 14 гадоў, да жніўня 2020 года, а цяпер – намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі для транзіту ўлады. Праскаловіч лічыць, што сённяшняя сітуацыя ў нашай краіне – вынік адсутнасці люстрацыі пасля падзення камуністычнага рэжыму. Калі ж не правесці чыстку шэрагаў бюракратыі і сілавікоў у вольнай Беларусі, то рана ці позна з’явіцца пагроза «контррэвалюцыі».
«Я – за ўзважаны падыход, які павінен адпавядаць часу. І павінна быць дэталёвая прапрацоўка, павінна быць абмеркаванне ў грамадстве гэтага падыходу», – распавядае Вольга Кавалькова з Каардынацыйнай рады.
У тлумачэнні, чаму не варта ўжываць прынцып калектыўнай адказнасці ў дачыненні ўсіх чыноўнікаў і сілавікоў Лукашэнкі, яна спасылаецца на рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы 1996 года. Згодна ёй, люстрацыя як інструмент магчымая ў дэмакратычнай супольнасці, але толькі ў тых выпадках, калі віна будзе даказаная ў кожным індывідуальным выпадку. Люстрацыя не можа быць помстай, падкрэслівае Кавалькова, таму нас чакае марудная трансфармацыя сістэмы.
Як будзе праводзіцца люстрацыя, калі рашэнне аб ёй будзе прынятае беларускім грамадствам? Чаму люстрацыя – гэта не звядзенне рахункаў і тым больш не крымінальная адказнасць? Чаму ўсіх суддзяў варта прыбраць адразу ж пасля змены ўлады? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.
Госці праграмы:
Арцём Праскаловіч, намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі для транзіту ўлады
Вольга Кавалькова, сябра Каардынацыйнай рады
Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на YouTube