Дзеянне выдадзеных раней журналістам замежных СМІ акрэдытацыйных картак афіцыйна спыняецца з 2 кастрычніка. МЗС тлумачыць гэтае рашэнне ўступленнем у сілу новай рэдакцыі Палажэння аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі.
Адпаведная заява размешчана на сайце МЗС Беларусі.
«У адпаведнасці з Канцэпцыяй інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь «найважнейшай мэтавай устаноўкай забеспячэння інфармацыйнай бяспекі зʼяўляецца інфармацыйны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь». У цяперашняй сітуацыі мы вымушаныя рэалізаваць сваё суверэнная права і ўжыць неабходныя ахоўныя меры, у тым ліку – у выглядзе новых нормаў Палажэння {аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі}», – падкрэсліваецца ў заяве.
У прыватнасці, новае Палажэнне прадугледжвае скарачэнне тэрміну разгляду дакументаў, пададзеных на акрэдытацыю (з 20 да 5 дзён для часовай акрэдытацыі і з 2 месяцаў да 30 дзён для пастаяннай), а таксама ўведзеная магчымасць працягнення пастаяннай акрэдытацыі на тэрмін да 3 гадоў.
«У сувязі з прыняццем новага Палажэння дзеянне выдадзеных раней акрэдытацыйных картак афіцыйна спыняецца з 2 кастрычніка», – паведамілі ў МЗС.
Прыём заявак на атрыманне новай акрэдытацыі пачнецца з 5 кастрычніка. Разгляд заявак будзе ажыццяўляць новы склад Камісіі па пытаннях акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ МЗС Беларусі.
Такім чынам, ад сённяшняга дня ўсе журналісты замежных СМІ ў Беларусі пазбаўлены права працаваць да таго моманту пакуль МЗС не зацвердзіць іх новыя заяўкі на атрыманне акрэдытацыі.
Нагадаем, раней Міністэрства інфармацыі пазбавіла статуса СМІ партал TUT.by.
ІІ belsat.eu