Каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава напярэдадні падчас стрыму папрасіла беларусаў стаць паручальнікамі па змене меры стрымання для Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда. Свае хадайніцтвы яна заклікала несці ў КДБ.
28 ліпеня а 16.00 гадзіне штаб Віктара Бабарыкі мае намер падаваць хадайніцтвы пра асабістае паручальніцтва ў КДБ. У сувязі з гэтым прадстаўнікі штабу звярнуліся да грамадзянаў з заклікам падпісаць гэты дакумент, узор якога выклалі на сайце палітыка, і потым перадаць яго ў Камітэт дзяржбяспекі. У штабе адзначаюць, што гатовасць падпісаць паручальніцтва выказалі пісьменніца, Нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч і мастак Уладзімір Цэслер.
«Мы хочам папрасіць усіх неабыякавых, усіх, хто верыць у Віктара і Эдуарда, выступіць іх паручыцелямі для змены меры стрымання. Для гэтага трэба запоўніць заяву і аднесці яе ў Камітэт дзяржбяспекі. Спасылка на заяву будзе ў найбліжэйшы час на сайце. Я панясу сваё паручальніцтва заўтра, у аўторак, у 16:00 у КДБ. Калі раптам нас будзе шмат – займіце, калі ласка, чаргу. Я буду вам вельмі ўдзячная» – сказала Калеснікава.
За гадзіну да пачатку запланаванай акцыі побач з будынкам КДБ ўжо з’явілася спецтэхніка і машыны ДАІ.
СК belsat.eu