Стаўленне беларусаў да словаў іншамоўнага паходжання часам катэгарычна адрозніваецца: адныя спакойна ўжываюць запазычанні, у іншых жа ад такога ажно вочы наліваюцца чырванню. На прыкладзе папулярных англіцызмаў мы пашукалі залатую сярэдзіну ды паразважалі, што рабіць з новымі словамі ў беларускай мове і ці можна іх замяніць сваймі.
Найперш варта адзначыць, што пазычанне – натуральны працэс: новыя рэчы і з’явы трэба неяк называць. За час панавання каронавіруса мы шырока ўзялі ва ўжытак слова «локдаўн», напрыклад.
Яшчэ адна рэч – моўныя густы. Можна проста пераняць або адаптаваць слова з мовы-крыніцы, а можна пачаць шукаць адпаведнікі ў сваёй мове: апісаць з’яву ці карыстацца ўжо існым словам, якое пасуе значэннем.
Калі разглядаць значэнне англіцызму як ‘аб’ект любові ці закаханасці’, то пасуюць беларускія адпаведнікі: упадабанец і ўпадабанка альбо каханік і каханачка. Варта памятаць, што апошняю параю словаў назавуць асобаў, якія выклікаюць пачуццё любові, так можна сказаць пра асабліва дарагога чалавека (а не толькі пра палюбоўніка і палюбоўніцу).
Знойдзем і іншыя беларускія словы. Напрыклад, хлопца можна назваць вашэцікам (вытворнае ад традыцыйнага звароту «вашэць»), дзяўчыну – ясачкаю.
Калі разглядаем краш як з’яву, то маем беларускае слова «юр», што больш пасуе да сексуальнага кантэксту: гэта палавы інстынкт, павышанае імкненне да задавальнення палавых пачуццяў. Ох, калі сказаць камусьці «ты мой юр», то паміж вамі можа і эмацыйная маланка ляснуць.
О, і шал – ад дзеяслова «шалець», то бок рабіць учынкі, пазбаўленыя разважлівасці. У жыцці скажуць, што шалеюць па кімсьці. Першае значэнне шалу – лютасць, гнеў, а другое – гарэзлівасць, свавольства. Карацей: калі наважыцеся прызнацца чалавеку «ты мой шал», то і дадаваць нічога не трэба.
Крашу ў значэнні дзеяслова можа адпавядаць чароўнае слова «ўлялюшчыцца»! Яго ў складзе народнага выразу «ўлялюшчыцца па самыя вушы» зафіксаваў Фёдар Янкоўскі. Слова (як і ўвесь фразеалагізм) гучыць іранічна ды жартаўліва, а таксама свежа, таму мае ўсе шанцы ўвайсці ў моладзевы слэнг і не толькі.
А вось і абяцаная перлінка для самых уважлівых чытачак! Як звярнуцца дзяўчатам адна да адной? Натуйце сабе пяшчотнае беларускае слова «таечка» (або «тайка»). Традыцыйны ветлы зварот між жанчынамі быў пашыраны на Магілёўшчыне і Чарнігаўшчыне, пра яго пісаў яшчэ ў 1940-ыя Янка Станкевіч (і заклікаў адраджаць ды пашыраць!). Знойдзем прыклады ўжывання ў літаратуры.
Беручы значэнне, падобнае да сораму за чужую віну, калі чалавек робіць нешта зусім бязглуздае, няўцяміцу, то можам сказаць, што нас у гэты час карабаціць.
Ёсць зафіксаваныя ў слоўніках фразеалагізмы, што адпавядаюць значэннем.
«Свяціць вачыма» – калі з чужой віны трэба цярпець сорам (у шырэйшым значэнні – аказацца ў няёмкім становішчы, быць у стане разгубленасці).
Або «пячы ракаў», то бок чырванець ад сораму. Калі недзе нарабілі бяды, і вам дужа няёмка, то так і прызнавайцеся, што ракаў напяклі.
Пітч (pitch) запазычылі з нагоды з’яўлення новай з’явы – кароткай прамовы пра свае грандыёзныя планы ці праекты.
Тут працуюць моўныя алгарытмы адаптацыі чужога слова. Варта памятаць, што мы маем усе сродкі засвойваць замежную лексіку адразу з мовы-крыніцы, без пасярэдніцтва мовы расейскай.
Адаптаванае слова ўжываем гэтак, як іншыя падобныя, што ўжо прыжыліся ў нашай мове. Пітч кладзецца на адну палічку з путчам і матчам: пітчу, пітчам і гэтак далей.
Ёсць шлях з наватворамі, калі ствараюцца адпаведнікі. Мажліва, вы прыдумаеце такое слова замест пітчу, якое прыжывецца і ўвойдзе ў слоўнікі. Але бывае і так, што наватвор ужываецца ў вузкай суполцы і можа пакрысе знікнуць. Мо нехта з чытачоў згадае далькажык, якім спрабавалі замяніць мабільны тэлефон. А вось чароўную аўтарскую мілавіцу мы дасюль памятаем і ўжываем. І заўзятара калісьці прыдумалі, без якога цяпер не абысціся.
Карысна бывае шукаць замену супольна. Гэтак, у адной з сацыяльных сетак карыстальнікі аддалі перавагу візуальнаму досведу як больш дарэчнаму адпаведніку скалькаванай нагледжанасці (рас. «насмотренность»). Добрая тэндэнцыя, праўда?
Даследуйце мову! Гэта як захапляльны дэтэктыў, толькі ўсе застаюцца жывыя.
МГМ belsat.eu