Суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую на 2000 рублёў (50 базавых велічыняў). Як стала вядома «Белсату», падставай для абвінавачання стаў значок з выявай нацыянальнага сцяга, які быў на вопратцы Багінскай.
Тое, што Ніна Багінская мела на каўнерыку маленькі значок, міліцыянты кваліфікавалі як «несанкцыянаваны пікет». Суддзя Аляксандр Супічэнка пагадзіўся з міліцыянтамі. У сваёй пастанове ён напісаў, што «значок белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру» падлягае знішчэнню, і пакараў спадарыню Багінскую матэрыяльна.
Суддзю не збянтэжыла, што памер штрафу ніякім чынам не адпавядае памеру пенсіі жанчыны, якая да таго ж мае шэраг цяжкіх захворванняў.
Гэта ўжо не першае пакаранне нязломнай актывісткі. Некалькі гадоў запар з ейнай пенсіі ўтрымліваюць грошы на пакрыццё штрафаў за грамадзянскую пазіцыю. Любімае лецішча Багінскай апісанае і выстаўленае на продаж за «даўгі» праз нясплачаныя штрафы.
Любоў Лунёва belsat.eu