Афіцыйны Менск адклікае для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапаноўвае амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Літва ўжо абвесціла, што не збіраецца адклікаць свайго амбасадара або скарачаць дыпламатычнае прадстаўніцтва.
«Амбасадары Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Менск для кансультацыяў. Амбасадарам Польшчы і Літвы ў Беларусі, адпаведна, прапанавана пайсці за гэтым прыкладам», – заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, піша БелТА.
Адзначаецца, што ў МЗС Беларусі 2 кастрычніка былі выкліканыя амбасадары Польшчы і Літвы.
«З прычыны адназначна дэструктыўнай дзейнасці з боку названых краінаў ім прапанавана да 9 кастрычніка 2020 гады прывесці да парытэту з беларускімі замежнымі ўстановамі ў адпаведных краінах склад сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі», – адзначыў Глаз. Для Літвы гэта, адпаведна, з 25 да 14 дыпламатаў, а для Польшчы – з 50 да 18.
Адначасова кантакты ўсіх дыпламатаў ЕЗ з дзяржструктурамі Беларусі пераводзяцца выключна на пляцоўку МЗС.
МЗС Літвы ўжо заявіў, што не мае намеру адклікаць свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў або скарачаць штат амбасады.
Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва ўспрымае заявы беларускага боку аб адкліканні амбасадара са шкадаваннем і расчараваннем.
«Вось такая атака на дыпламатычныя службы Літвы і Польшчы, такая прапанова ў пятніцу ўвечары, (…) мы будзем чакаць наступных крокаў. Рашэнне аб адкліканні амбасадараў для кансультацый прымае Міністэрства замежных спраў Літвы. У нас няма такіх намераў», – цытуе міністра Delfi.
Лінкявічус таксама паведаміў, што Літва ўзгадніла свае дзеянні з Польшчай.
«Іх рэакцыя будзе падобнай», – дадаў ён.
Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы назвала рашэнне беларускіх уладаў ганебным. Гэты крок толькі ўзмацніць ізаляцыю краіны ад усяго свету.
«Рэзкае скарачэнне колькасці супрацоўнікаў амбасады Польшчы ў Беларусі – гэта ўдар уладаў не столькі па Польшчы, колькі ў першую чаргу па беларусах, якія чакаюць візаў», – адзначыла яна.
ІІ belsat.eu