Паколькі я зарэгістраваны ў вёсцы, вырашыў з’ездзіць прагаласаваць там, піша карэспандэнт belsat.eu Зміцер Лупач.
Сядаю на ровар, ехаць не так і далёка – 14 кіламетраў, участак знаходзіцца ў вёсцы Дзеркаўшчына.
Еду па горадзе, насустрач едзе аўтамабіль, кіроўца выкідвае руку ў апушчаную шыбу з пальцамі, што паказваюць знак перамогі, і крычыць мне: «Стоп, таракан!» Настрой адразу падымаецца. У горадзе пакуль усё спакойна, нічога асаблівага не заўважаецца. Шмат людзей, многія з дзецьмі, ідуць на выбарчыя ўчасткі.
Па дарозе мне тэлефануе знаёмы з Глыбокага, кажа, каб пільна глядзець у бюлетэнь, бо там насупраць Лукашэнкі ставяць кропкі. Я пра гэта ўжо чытаў, дзівіць тое, што гэтаму знаёмаму ўжо за восемдзесят, і ён гэту інфармацыю ведае.
А вось калі прыязджаю да вясковага выбарчага ўчастку, то адразу адчуваецца розніца з горадам: тут усё глуха як у танку. Каля выбарчага ўчастку ніводнага чалавека, толькі міліцыянт стаіць на прыступках. Заходжу ўнутр, дзяўчына адразу прапануе апрацаваць рукі.
– А што ў вас вірусы тут? – пытаюся.
– Так трэба.
Праходжу ў зал для галасавання, вітаюся. Недзе каля паловы сябраў камісіі яшчэ тыя, з кім 26 гадоў таму сам быў у камісіі. Але ў іх такія выразы твараў, быццам бачаць мяне ўпершыню. Вітаюся, кажу, што прыйшоў прагаласаваць, першы раз за дваццаць гадоў. Але мой жартаўлівы тон не ўспрымаецца, у мяне пытаюцца пашпарт, потым выдаюць бюлетэнь, я іду ў кабінку.
Трэба сказаць, што фіранкі на кабінках не знятыя, фатаграфаваць бюлетэнь таксама ніхто не перашкаджае. Кідаю бюлетэнь, іду да стэнда з вынікамі датэрміновага галасавання. Згодна з пратаколам датэрмінова прагаласавала 117 чалавек. Неяк няшмат, думаецца…
Усё становіцца зразумелым, калі я гляджу колькасць выбарцаў – іх крыху больш за 750. І гэта пры тым, што не так даўно да ўчастка дабавілі некалькі вёсак. А ў 1994 годзе ў першым туры за Пазняка тут прагаласавала больш за 600 чалавек, а выбарцаў было больш за 1200. Пазняк нават адразу пасля выбараў прыязджаў у Дзеркаўшчыну.
«Выміраем?» – пытаюся ў Іосіфа Анашкевіча, дырэктара мясцовай школы, які таксама з’яўляецца сябрам камісіі. «На жаль, так, – адказвае той, – у мяне ў гэтым годзе нават дзясятага класа не будзе». «То можа хутка школу закрыюць?» «Не, сказалі ў бліжэйшыя гады яшчэ не», – адказвае дырэктар.
Падыходзіць старшыня камісіі Тамара Валковіч, пытаюся, дзе людзі. «З раніцы трохі было, зараз мала», – адказвае. – Чакаем, што з касцёла праз гадзіну будуць ісці». На гэты ж час на ўчастку запланаваны канцэрт. За паўгадзіны, што я знаходжуся, на ўчастак прыйшлі толькі чатыры чалавекі.
Сустракаю знаёмую, з якой некалі разам былі ў камісіі па выбарах. Яна таксама кажа, што людзей амаль няма. «Нічога, па вёсках паехалі, нагоняць яўку», – адказваю. «Ну так, зробяць усё як трэба, – кажа жанчына, – але на гэты раз адчуваю: нешта ў Менску будзе».
Сапраўды, яўка на вясковых участках робіцца дзякуючы галасаванню па месцы знаходжання выбарца. Так было дваццаць пяць гадоў таму, так і зараз. Зараз яшчэ больш, бо раней людзей можна было нечым зацікавіць прыехаць на ўчастак, цяпер жа няма чым. Нават буфеты на выбарчых участках не працуюць, няма для каго.
«Няма такой неабходнасці, – кажа старшыня камісіі, – побач дзве крамы ёсць».
Але і ў крамах нікога не відаць: вёска як вымерла. З маіх знаёмых, хто збіраецца галасаваць за перамены, пакуль не відаць нікога, усе збіраюцца галасаваць бліжэй да вечара.
Вяртаюся ў горад. Тут сапраўднае свята жыцця. У цэнтры Глыбокага, дзе размешчаны трэці выбарчы ўчастак, шматлюдна. Дзеці катаюцца на машынках, дарослыя могуць зайсці ў гандлёвую палатку. Адметна, што ўчастак размешчаны пад шыльдай «Тэатральная зала». Што ж, сапраўдны тэатр!
Сустракаю знаёмага. Ігар прыйшоў галасаваць, збіраецца сфатаграфаваць бюлетэнь. Трэба адзначыць, на гарадскіх участках рукі апрацоўваць не прымушаюць: бяспека – асабістая справа кожнага.
«Так хочацца хоць глыток свабоды, абрыдзеў ужо гэты… – абураецца Ігар. – Учора бачыў, што ў Менску рабілася?! Зусім азвярэлі, гады, дзяўчынцы руку зламалі. Няўжо канца гэтаму не будзе?!»
Гэта адзіны ўчастак у горадзе, дзе ўнутр дапушчаны назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэту Ганна Мартыноўская. Яна кажа, што шмат людзей абураецца тым, што не знаходзяць сябе ў выбарчых спісках.
А вось на другім выбарчым участку незалежныя назіральнікі Людміла Барэйка і Вадзім Хлус сядзяць пад дзвярыма. «Добра хоць унутры» – жартуюць яны. Само ж галасаванне адбываецца на другім паверсе.
Але людзі, што заходзяць галасаваць, іх падтрымліваюць, вітаюцца, пытаюцца як справы.
Па ўсяму відаць, выбарчы працэс пройдзе на Глыбоччыне як заўсёды, а вось як успрымуць яго вынікі глыбачане, даведаемся ўжо вельмі хутка.
Дарэчы, інтэрнэт у Глыбокім пакуль ёсць, хоць і дрэнны.
Зміцер Лупач belsat.eu