Прапановы, агучаныя напярэдадні МЗС Беларусі, па скарачэнні дыпламатаў у амбасадах Польшчы і Літвы абавязковыя да выканання. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз у каментары БелТА.
«Не ведаю, можа, з-за таго, што Лінас Лінкявічус (міністр замежных спраў Літвы) ужо даўно з галавой сышоў у палітыку, некаторыя дыпламатычныя абароты і тэрміны ўжо крыху забыліся. Растлумачыць іх значэнне нам зусім не складана. Зробленыя намі прапановы знаходзяцца выключна ў плоскасці суверэнных правоў Беларусі і ніхто іх не абавязаны, ды і, уласна, не збіраўся абмяркоўваць з літоўскім бокам. Калі адысці ад дыпламатычнай казуістыку, то гэта значыць, што такія прапановы абавязковыя для выканання літоўскім МЗС», – заявіў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.
Паводле Анатоля Глаза адпаведны загад скараціць колькасць дыпламатаў датычыцца і польскай амбасады ў Беларусі.
2 кастрычніка было абвешчана, што афіцыйны Менск адклікае для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапаноўвае амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Афіцыйныя Варшава і Вільня абвесцілі, што не збіраюцца адклікаць сваіх амбасадараў або скарачаць дыпламатычныя прадстаўніцтвы.
Беларускі бок настойвае, каб Літва скараціла колькасць дыпламатаў у Беларусі з 25 да 14, а Польшча – з 50 да 18 асобаў. МЗС Беларусі называе палітыку Варшавы і Вільні «дэструктыўнай у бягучай сітуацыі».
Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва ўспрымае заявы беларускага боку аб адкліканні амбасадара са шкадаваннем і расчараваннем.
«Вось такая атака на дыпламатычныя службы Літвы і Польшчы, такая прапанова ў пятніцу ўвечары, (…) мы будзем чакаць наступных крокаў. Рашэнне аб адкліканні амбасадараў для кансультацый прымае Міністэрства замежных спраў Літвы. У нас няма такіх намераў», – цытуе міністра Delfi.
Міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў адказаў на прапанову МЗС Беларусі ў сваім Тўітэры: «на дадзеным этапе мы не збіраемся адклікаць нашых амбасадараў для кансультацыяў».
Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы назвала рашэнне беларускіх уладаў ганебным. Гэты крок толькі ўзмацніць ізаляцыю Беларусі ад усяго свету.
«Рэзкае скарачэнне колькасці супрацоўнікаў амбасады Польшчы ў Беларусі – гэта ўдар уладаў Беларусі не столькі па Польшчы, колькі ў першую чаргу па беларусах, якія чакаюць візаў», – адзначыла яна.
AA belsat.eu