Міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў паведаміў, што амбасадары еўрапейскіх краінаў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі будуць адкліканыя для кансультацыяў. Пра гэта Збігнеў Раў напісаў у Twitter. Пра якія дыпламатычныя місіі ідзе гаворка Раў не ўдакладніў.
«Згодна з Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў і краінамі – чальцамі ЕЗ мы вырашылі адклікаць для кансультацый частка паслоў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь», – напісаў Раў у Twitter і падзякаваў Еўразвязу за салідарнасць з Польшчай і Літвой.
Кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, «прыярытэтам застаецца падтрыманне беларусаў і іх імкнення да дэмакратызацыі краіны».
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, якую распаўсюдзіў TUT.BY амбасадары Польшчы і Літвы ўжо выехалі з Менску, сёння мае выехаць на радзіму таксама амбасадар Нямеччыны.
Афіцыйны Менск 2 кастрычніка адклікаў для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапанаваў амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Акрамя таго, уладам Польшчы і Літвы «прапанавана да 9 кастрычніка 2020 гады прывесці да парытэту з беларускімі замежнымі ўстановамі ў адпаведных краінах склад сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі».
Беларускі бок настойвае, каб Літва скараціла колькасць дыпламатаў у Беларусі з 25 да 14, а Польшча – з 50 да 18 асобаў. МЗС Беларусі называе палітыку Варшавы і Вільні «дэструктыўнай у бягучай сітуацыі».
Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не мае намеру адклікаць свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў або скарачаць штат амбасады. Ён таксама паведаміў, што Літва ўзгадніла свае дзеянні з Польшчай. Аднак 3 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што агучаныя напярэдадні прапановы абавязковыя да выканання.
AA belsat.eu