Можа, не варта было адкрываць таго ліста ад «Хамасу»?

23 траўня 2021 года Аляксандр Лукашэнка пасадзіў боінг авіякампаніі «Ryanair» з Раманам Пратасевічам на борце. Я тады адбываў свой тэрмін зняволення ў ПК № 3, і навіну гэтую мне паведаміў адзін з таварышаў з богаўгоднай установы. Я паставіўся да яе з вялікім недаверам, хоць таварыш мой быў псіхічна ўстойлівы і, нягледзячы на схільнасць да творчасці, раней неправераных звестак не паведамляў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плакат пра Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу, якія былі арыштаваныя пасля экстранай пасадкі самалёта «Ryanair» рэйсу Афіны – Вільня ў Беларусі, падчас першай сесіі Еўрапейскага парламенту ў Страсбуры з пачатку пандэміі ковіду ў 2020 годзе. Страсбур, Францыя. 8 чэрвеня 2021 года.
Фота: Roses Nicolas / ABACA / Abaca Press / Forum

Аднак вячэрняе выданне навінаў, у якім Лукашэнка шчыра запэўніваў грамадскасць, што яму асабіста прыйшоў ліст са Швейцарыі ад тэрарыстаў з «Хамасу», пакідаў мне зусім невялікі выбар: ці я на фоне травеньскай спякоты (падобнай да цяперашняй) моцна перагрэўся на сонцы і цяпер ляжу дзесьці ў санчастцы ў непрытомнасці, ці чалавек, які незаконна ўтрымлівае ўладу, у дзяцінстве не дагуляў у піратаў.

Я сябе ўшчыкнуў і для пэўнасці ўдарыў па калене. Рэфлексы былі на месцы, а значыць, сумневаў не заставалася: Беларусь сталася новаю Тартугаю.

І Швейцарыя, і Хамас» хуценька правялі нутраныя расследаванні і заявілі: «Не, гэта не мы, не наш стыль». У выніку Беларусь засталася з Пратасевічам (і Сапегай) у СІЗА, ну і з поўным вагонам міжнародных праблемаў у дадатак. Магчыма, арышт Рамана і ягоная наступная актыўная супраца з КДБ і далі спецслужбам такую-сякую інфармацыю, але былі ў гэтай акцыі і негатыўныя наступствы. Якія? Беспасярэднія.

Такім чынам была фактычна знішчаная «Белавія». З 27 самалётаў засталося толькі 13, астатнія давялося вярнуць лізінгадаўцам. Дый навошта нам самалёты, калі імі няма куды лётаць?

Еўрапейскія краіны цалкам закрылі сваю паветраную прастору для беларускіх авіякампаніяў і настойліва папрасілі ўласных авіяперавознікаў не звязвацца з непрадказальнымі беларусамі, матывуючы гэтую просьбу адным немудрагелістым аргументам: «Вы ведаеце, на каго яны там яшчэ могуць кінуцца?»

І гэта праўда. Калі хапіла розуму прымусова пасадзіць гэты пасажырскі самалёт, то што перашкодзіць збіць наступны? Пагатоў у саюзнай Расеі ўжо ёсць аналагічны досвед з малайзійскім боінгам, які вялікія прафесіяналы з непрызнанай ДНР прынялі за ўкраінскі транспартавы самалёт.

Хто можа даць гарантыі? Ну, за выключэннем таго самага грамадзяніна, які любіць вось гэтае «я асабіста гарантую…». Але яго гарантыі больш нічога не вартыя, дэвальваваныя да нуля. Гарантыяў няма, а таму неба над Беларуссю апусцела, і калі раней аб’ём авіяперавозак набліжаўся да 6 мільёнаў чалавек, то летась ён ледзь наскроб 2,4 мільёна, а што датычыць новых маршрутаў… Ну вось, Мурманск спрабуюць аднавіць, Алтай абмяркоўваюць, ізноў жа ў Іран можна злятаць – там таксама цёплае мора і культурныя помнікі. Навошта беларусам Рым ці Парыж? Кітай жа духоўна бліжэйшы, ці не праўда?

Ці сувымяраў хтосьці рызыкі, ці прагназаваў наступствы хвацкага абардажу? Упэўнены, што не. Цалкам перакананы, што вялікім прафесіяналам з КДБ нават не прыйшло да галавы патэлефанаваць у «Белавію» і пацікавіцца: што будзе, калі мы вось гэтак? Калі гаворка пра гарачае жаданне адпомсты моцна перапалоханага чалавека, якія ўжо тут разлікі.

На жаль, у такіх развагах мы вымушана пераходзім з вобласці эканамічных і палітычных рацыяў у вобласць псіхалогіі дзіцячых і падлеткавых траўмаў, комплексаў. Ці можна было, утрымаўшыся (з дапамогаю сілавых структураў і Крамля) ва ўладзе, не разганяць грамадзянскую супольнасць і незалежныя медыі ўвесну 2021 года? Не саджаць журналістаў, палітыкаў і аднаго філосафа? Можна, і гэта было б палітычна абгрунтавана, не кажучы ўжо пра эканоміку.

Ці можна было не арганізоўваць «беларускага транзіту» ў бок Еўропы для нерэгулярных мігрантаў? Вядома! Гэта было зусім не абавязковае дзеянне, якое не мела ніякіх іншых мэтаў, акрамя як «паказаць гэтым», дзе камар козы пасе.

Ці можна было не ўлазіць рукамі і нагамі ў зусім вар’яцкую антыўкраінскую авантуру Пуціна? Безумоўна. Нягледзячы на нянавісць да мясцовага дыктатара, спроба Крамля прымусіць да такой супрацы сілаю натыкнулася б на поўнае неразуменне з боку ўсяго беларускага грамадства. Як ні дзіўна, але ў гэтым пункце сыходзяцца інтарэсы і беларусаў, і Лукашэнкі.

Увесну 2021 года беспасярэдняя пагроза ўладзе дыктатара ўжо прамінула, і калі б яму хапіла розуму ўтрымацца ад гвалту і вайны, то не было б сёння міжнароднай ізаляцыі такога маштабу, санкцыі былі б такімі ж намінальнымі, як практычна ўвесь тэрмін ягонага кіравання. Калій бы ў канчатковым выніку паехаў праз Клайпеду, а еўрапейскія краіны ўсё гэтак жа з вялікім задавальненнем куплялі б беларускі бензін, выказваючы «глыбокую занепакоенасць» няўвагаю да правоў чалавека і некатораю колькасцю палітычных вязняў.

Магло быць так, але страх перамог логіку (калі яна была), і сёння плата за той выбар – поўная эканамічная залежнасць ад Расеі. Ах так, у нас жа ёсць новыя ўсмешлівыя сябры. З Зімбабвэ, Эрытрэі і Нікарагуа.

Можа, не варта было адкрываць таго ліста ад «Хамасу»?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў