Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат вырабіў бляшанку згушчонага малака, якая заважыла 485,5 кілаграма. З прэзентацыі гіганцкай бляшанкі зрабілі гарадское шоу. Але згушчонку падарылі не жыхарам Рагачова, а вайскоўцам 6-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады, піша раённая газета «Свабоднае слова».
Як сцвярджаюць на прадпрыемстве, іх «тварэнне» паставіла сусветны рэкорд па аб’ёме бляшанкі са згушчоным малаком. Яна ў 1277 цяжэйшая за стандартную бляшанку, якую можна купіць у краме.
Каб занесці згушчонку на сцэну падчас прэзентацыі спатрэбіліся 12 працаўнікоў камбінату.
Гендырэктар Рагачоўскага камбінату Віталь Строгі казаў на прэзентацыі, што, пакаштаваўшы рагачоўскай згушчонкі, людзі застаюцца яе прыхільнікамі назаўжды. Між тым, шмат хто з беларусаў лічыць, што рагачоўская згушчонка саступае ў смаку і якасці глыбоцкай згушчонцы. Між імі – даўняе суперніцтва.
Як паведамляе рагачоўская раёнка, рэкордную згушчонку перадалі ў вайсковую частку 5525 у Гомлі (асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС).
Некалькі гадоў таму Рагачоўскі камбінат адкрыў чатырохметровы помнік згушчонцы ў выглядзе бляшанкі з фірмовай этыкеткай.
Зміцер Міраш belsat.eu