Галоўны рэдактар выдання «Наша Ніва» Ягор Марціновіч, які 18 жніўня 2023 года выйшаў на волю пасля адбыцця пакарання, напісаў першы пост пасля свайго вызвалення.
У ім Ягор дзякуе ўсім тым, хто падтрымліваў яго, і гаворыць, што вяртаецца на свабоду з чыстым сумленнем.
Прыводзім тэкст допісу цалкам.
«У мяне было 2 гады і яшчэ 1,5 месяца, каб прыдумаць арыгінальны допіс на гэтае месца. Але неяк не склалася, пацягнула на філасофію).
Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас. Гуртом шмат што лягчэй) Пастараюся адпісаць ці адзваніцца кожнаму, ад каго атрымліваў вестачкі. Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях.
Балюча ад разумення, колькі дадатковых клопатаў і праблемаў звалілася на нашых родных і блізкіх. Асноўны цяжар выцягнулі на сваіх плячах менавіта яны. Нам што? – сядзі на месцы і падлічвай дні. Але ж родныя не падпісваліся на тое, каб бачыць людзей у балаквалах у сваёй кватэры, стаяць у чэргах пад СІЗА, а пасля яшчэ і губляць нервы ў чаканні, выпусцяць ці не выпусцяць. Карацей, занадта шмат розных «але», каб дакладна сказаць, як усім нам варта было рабіць правільна – каб мінімазаваць магчымыя страты і павялічыць шанцы на перамогу Беларусі і здаровага сэнсу. Па-ранейшаму веру, што гэта адбудзецца.
А персанальна для мяне важна, што я вяртаюся на свабоду з чыстым сумленнем. Мне не сорамна глядзець у вочы людзям, і гэта ўжо нямала».
Нагадаем, у сакавіку 2022 года суддзя Анжэла Касцюкевіч прызначыла галоўнаму рэдактару Ягору Марціновічу і кіраўніку аддзелу рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэю Скурко два з паловай гады паводле абвінавачанняў у «маёмаснай шкодзе без прыкметаў крадзяжу».
У паведамленні суда гучала фармулёўка, што Андрэй Скурко «паводле папярэдняй змовы» з Марціновічам і Дыньком «з карыслівых памкненняў, меўшы задуму на нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу» з траўня 2017 года да чэрвеня 2021 года плаціў за камунальныя паслугі як за кватэру, паводле субсідаваных тарыфаў, а не як за офіснае памяшканне рэдакцыі, з «поўнай кампенсацыяй выдаткаў».
Андрэй Скурко таксама выйшаў на волю 18 жніўня, цалкам адбыўшы тэрмін.
Раман Шавель belsat.eu