Ноччу 30 жніўня некалькі рэгіёнаў Расеі былі атакаваныя беспілотнікамі, у выніку былі пашкоджаныя чатыры самалёты Іл-76 у міжнародным аэрапорце Пскоўскай вобласці, а таксама завод у Бранску, які вырабляў дэталі для «Іскандэраў».
Як паведамляюць расейскія медыі, уначы былі праведзеныя атакі на Пскоўскую, Бранскую, Арлоўскую, Калужскую і Разанскую вобласці, а таксама на Падмаскоўе.
У выніку атакі на міжнародны аэрапорт у Пскоўскай вобласці загарэўся палівазаправачны комплекс і былі пашкоджаныя чатыры самалёты Іл-76. Ахвяраў няма, рэйсы на 30 жніўня адмененыя.
Самалёты Іл-76 выкарыстоўваюцца для перамяшчэння паветранага дэсанту, перавозу войскаў і баявой тэхнікі (у тым ліку сярэдніх танкаў). Вядома, што ў Пскове базуецца 76-я дэсантна-штурмавая дывізія ПДВ, менавіта яе абслугоўвалі гэтыя самалёты.
У Бранскай вобласці ў выніку атакі быў пашкоджаны завод «Крэмній ЭЛ», адзін з найбуйнейшых у Расеі для вытворчасці мікраэлектронікі, на якім, сярод іншага, вырабляліся дэталі для «Іскандэраў» і «Панцыраў». Паводле тэлеграм-каналу «База», падзенне БПЛА прывяло да пажару на тэрыторыі 40 квадратных метраў у 16-м корпусе заводу.
У сувязі з атакамі беспілотнікаў у расейскіх аэрапортах «Унукава», «Дамадзедава», «Шарамецьева» і «Жукоўскі» быў абвешчаны рэжым «Дыван», што адбываецца ў выпадку, калі ў небе прыкмечаныя непажаданыя лятальныя аб’екты або ёсць пагроза іх з’яўлення.
Паводле заявы мэра Масквы Сяргея Сабяніна, адзін з дронаў накіроўваўся ў бок Масквы і «быў збіты сіламі СПА ў Рузскім раёне. Папярэдне, пацярпелых і разбурэнняў няма».
Раніцай таксама прыйшло паведамленне аб тым, што ў Бранскай вобласці два дроны спрабавалі атакаваць тэлевежу, але былі збітыя. На месцы іх падзення ўзнік пажар, які быў ліквідаваны.
У Арлоўскай, Калужскай і Разанскай вобласцях мясцовыя ўлады заяўляюць пра збіццё лятальных апаратаў і адсутнасць ахвяраў і разбурэнняў.
Раман Шавель belsat.eu