Праваабаронцам стала вядома, што палітвязень Аляксей Коршун з Воршы, якому ў верасні замянілі калонію на «хімію», змог збегчы ў Польшчу.
Ён быў затрыманы напрыканцы сакавіка гэтага года і абвінавачаны ў «распальванні варожасці» паводле артыкулу 130 КК за негатыўны каментар пра міліцыянтаў у сацыяльнай сетцы «УКантакце».
Спачатку суд пастанавіў накіраваць яго ў калонію на 2,5 года, але пазней Коршун падпісаў «ліст памілавання» Васкрасенскага, пасля чаго трапіў пад амністыю. У выніку пакаранне для яго паслабілі, накіраваўшы на «хімію».
29 лістапада стала вядома, што Аляксей Коршун пакінуў Беларусь, цяпер ён у Польшчы.
Таксама сёння стала вядома, што Беларусь змаглі пакінуць два фігуранты «карагоднай справы» з Берасця.
Гэта Наталля Шыла і Ілля Ягораў, якія атрымалі па 2,5 года «хіміі». Цяпер яны ў Літве.
АД, belsat.eu