Як стала вядома «Белсату», на памежных пераходах з’явіліся блокпасты, па базах правяраюць мужчын з расейскім грамадзянствам, якія едуць на машынах ці аўтобусах.
Пры праверцы пашпартоў сілавікі запрашаюць выйсці мужчын ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў. Асабістыя дадзеныя перапісваюць і правяраюць па спісах. Асоба, што ехала сёння на аўтобусе з Масквы, распавяла «Белсату», што аднаго пасажыра затрымалі, бо раней ён ужо атрымаў позву.
Выданне «Autonews» піша, што на дарогах перад заездам у Беларусь збіраюцца коркі. Расейскія памежнікі правяраюць таксама багажнікі легкавікоў. Кіроўцы скардзяцца, што праз гэта марна губляюць час.
Раней выданне «Медыязона» паведаміла пра выпадак у цягніку Пецярбург – Менск, калі пецярых мужчын затрымалі пры праверцы дакументаў на апошняй станцыі перад беларускай мяжой. Ім выдалі паперы аб забароне выезду праз закон аб мабілізацыі.
Беларусь стала адной з краін, куды расейцы бягуць ад прызыву ў войска. Але ініцыятыва «BYSOL» папярэджвала, што гэта не найлепшая ідэя. Беларусь раяць разглядаць толькі як часовы варыянт для далейшай эвакуацыі ў іншыя краіны. «Наша ніва» пісала, што міліцыя атрымала нефармальны загад сачыць за расейцамі, якія прыязджаюць, а ад уласнікаў кватэр патрабуюць паведамляць пра арэнду жылля грамадзянамі Расеі.
Сяргей Крот belsat.eu