Беларускае вайсковае фармаванне – полк Каліноўскага – выключная з’ява ў сучаснай гісторыі Беларусі ды Украіны. Выключныя і лёсы саміх каліноўцаў, якія з розных прычынаў апынуліся ў суседняй краіне і далучыліся да яе абараны. Гэтым разам журналісты «Белсату» паразмаўлялі з добраахвотнікам Алегам Аўчыннікавым, пазыўны Альгерд, які распавёў пра свой шлях у полк Каліноўскага.
Алег Аўчыннікаў ва Украіне з 2014 года. З ягоных словаў, адбылося гэта дзякуючы Майдану.
«Тады ў Беларусі амаль аніякіх пратэстаў не было, але побач была Украіна, дзе людзі змагаюцца за свае правы, таму я вырваўся на Майдан. Першы раз я туды прыехаў яшчэ на Новы год і пабачыў, што гэта ўнікальная з’ява, якая мяне ўразіла і натхніла. І калі я вярнуўся дамоў і ўбачыў нашыя шэрыя будні, пасля гэтага я і вярнуўся на Майдан 19 студзеня».
Сваю другую паездку беларус планаваў на адзін-два дні, але ў выніку яна расцягнулася амаль на месяц.
«Я пабачыў вялікую розніцу паміж Майданам навагоднім і 19 студзеня, калі былі прынятыя дыктатарскія законы, і людзі ўжо былі злыя, незадаволеныя, адчувалася, што нешта мусіла здарыцца. І яно здарылася на Грушэўскага. І гэтыя падзеі, а таксама гібель Міхася Жызнеўскага прымусілі мяне застацца надоўга».
Ва Украіне мужчына падтрымліваў барацьбу мясцовых жыхароў за свабоду, а таксама тлумачыў ім рэальную карціну жыцця ў Беларусі, якой тады ўкраінцы не разумелі.
Але ў самой Беларусі Алега Аўчыннікава не чакала нічога добрага: пасля ўдзелу ў Майдане ім пачалі цікавіцца мясцовыя сілавікі.
«Калі я вярнуўся назад у Беларусь у канцы лютага, каб зрабіць новы пашпарт, першы тыдзень прайшоў нармальна, я напісаў заяву на новыя дакументы. Але на другі тыдзень пачалася цікавасць да мяне з боку нашых праваахоўных органаў, таму я быў вымушаны з’ехаць».
І цяпер ужо самыя ўкраінцы падтрымалі беларусаў, якія мусілі пакінуць Радзіму праз дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Са словаў беларускага добраахвотніка, асабліва добра гэта стала відаць пасля падзеяў 2020 года.
«Амаль усе мае ўкраінскія сябры падтрымалі беларусаў і нашыя пратэсты, гэта было відаць нават праз тыя акцыі, якія мы праводзілі ў Кіеве. Ты ідзеш па Кіеве, а людзі крычаць табе «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!» – гэта сапраўды паказвала падтрыманне людзей ва Украіне».
Украінская дзяржава стала для многіх беларусаў другім домам, але ў выніку і туды прыйшла бяда. Алег Аўчыннікаў распавядае, што вайна з Расеяй адчувалася непазбежнай, таму яшчэ за месяц да ўварвання мясцовыя беларусы пачалі рыхтавацца. У выніку была сфармаваная група з беларусаў, якія ў патрэбны момант былі гатовыя ўліцца ў шэрагі Збройных сілаў Украіны.
«Але калі пачалася вайна, з’явілася інфармацыя, што кіраўніцтва Украіны не пайшло на стварэнне нейкай нацыянальнай беларускай адзінкі ў складзе ЗСУ. Таму мы пачалі дзейнічаць самастойна: нехта пачаў штурмаваць ваенкаматы, каб запісацца ў ЗСУ, нехта пайшоў прасіцца ў тэрабарону. Я са сваімі сябрамі таксама пайшоў у тэрабарону, але першы дзень мы прастаялі ў чарзе па зброю сем гадзінаў, і нам проста не хапіла патронаў. Нам так і сказалі, што зброю дадуць, але патроны скончыліся».
Але нават праз два дні чакання мясцовыя беларусы не змаглі атрымаць зброі. У нейкі час мясцовая паліцыя нават палічыла іх дыверсантамі, бо яны мелі беларускае грамадзянства. У выніку беларускія добраахвотнікі звярнуліся да сваіх суайчыннікаў, якія ўжо былі ў складзе тэрытарыяльнай абароны пры «Азове», і далучыліся да іх. Спачатку беларусы складалі асобную роту, якая затым перайшла ў склад ЗСУ і дарасла да батальёну, які ўжо цяпер мае статус палка.
У палку Каліноўскага Алег Аўчыннікаў мае спецыяльнасць сапёра, і зусім нядаўна вярнуўся з баявых дзеянняў. Нягледзячы на тое, што беларус свядома пайшоў абараняць Украіну, ён прызнаецца, што на вайне яму таксама страшна.
«Страшна ўсім, калі страляюць, няма такіх людзей, якім не страшна. Страх – гэта нармальная з’ява. Наадварот, ненармальна, калі ты не баішся. Але трэба свой страх трошкі трымаць пад кантролем, каб страх не перайшоў у паніку. Бо самае страшнае на вайне – гэта паніка, што можа прывесці да стратаў сярод тваіх пабрацімаў».
Алег гаворыць, што перамагаць страх асабіста яму дапамагае пачуццё адказнасці за тых, хто побач з ім у баі.
«Полк для мяне – гэта ўжо сям’я, бо калі ты служыш разам са сваімі землякамі ў іншай краіне, якіх ведаеш яшчэ з часоў пратэстаў 2020 года, ты адчуваеш, што гэта людзі, якія заўсёды прыкрыюць табе спіну».
Цяпер беларускія добраахвотнікі дапамагаюць украінцам вызваляць іхную Радзіму, але яны не хаваюць, што далейшыя мэты – менавіта ў Беларусі.
«Наша галоўная задача – перамагчы ворага тут, ва Украіне, максімальна аслабіць яго, каб потым у яго не было шанцаў перамагчы ў Беларусі. Калі мы пераможам тут – нашай мэтай стане вызваленне Беларусі».
Полк Каліноўскага – самае вялікае і славутае беларускае падраздзяленне ўкраінскіх войскаў, што бярэ ўдзел у вайне ва Украіне. Першапачаткова быў створаны як батальён імя Кастуся Каліноўскага, які праз рост асабовага складу ў траўні 2022 года атрымаў статус палка. Касцяком падраздзялення сталі беларусы, якія яшчэ з 2014 года абаранялі Украіну ў вайне з Расеяй.
Віцька Кавалак belsat.eu