Вярхоўны суд Расеі 28 снежня ліквідаваў міжнароднае гісторыка-асветніцкае, дабрачыннае і праваабарончае таварыства «Мемарыял», паведамляе РВК.
Арганізацыя з 1987 года займалася даследаваннямі рэпрэсій у СССР і аднаўленнем памяці аб іх ахвярах. У свой час сябрам арганізацыі быў Барыс Ельцын.
Прадстаўнік Генпракуратуры ў спрэчках бакоў сцвярджаў, што арганізацыя нясе грамадскую пагрозу, «спекулюе на тэме палітычных рэпрэсій, скажае гістарычную памяць, у тым ліку аб Вялікай Айчыннай вайне, і стварае хлуслівы вобраз СССР як тэрарыстычнай дзяржавы», а таксама пад выглядам аднаўлення гістарычнай памяці спрабуе «рэабілітаваць нацысцкіх злачынцаў і здраднікаў радзімы».
Справа па ліквідацыі «Мемарыяла» выклікала буйную рэакцыю сярод грамадства.
Ліст у абарону «Мемарыяла» падпісалі больш за 300 вядомых расейскіх і замежных дзеячаў культуры, навукі і грамадскіх дзеячаў. У адкрытым лісце яны назвалі ліквідацыю «Мемарыяла» спробай пазбавіць нацыю памяці.
Заступіліся за «Мемарыял» і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру Міхась Гарбачоў і Дзмітрый Муратаў. Яны заклікалі пракуратуру ўрэгуляваць справу ў пазасудовым парадку і адмовіцца ад іску. У знак пратэсту супраць іску Генпракуратуры пісьменніца і драматург Людміла Петрушэўская адмовілася ад звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі.
АД, belsat.eu