Сілавікі затрымалі жыхара Барысава пасля стрыму ў чат-рулетцы з правакатарам Юрыем Камаром. Жонку барысаўца, якая была побач з мужам у гэты час, «пакуль пакінулі ўдома» з чатырма дзецьмі. Пра гэта 28 ліпеня паведаміў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Падчас стрыму з сямейнай парай правакатар Юрый Камар назваўся грамадзянінам Украіны. На гэта жанчына вітае Юрыя словамі «Слава Украіне», а ён адказвае «Героям слава». Пасля Камар пачаў спецыяльна правакаваць і цікавіцца ў сям’і, ці падтрымліваюць яны Украіну, ці чакаюць яны «хлопцаў», у тым ліку з палка Кастуся Каліноўскага, і «што рабіць з мянтамі».
Муж і жонка адказалі станоўча і сказалі, што падтрымліваюць і чакаюць, калі ў Беларусь прыйдзе полк Каліноўскага. За гэта сілавікі затрымалі мужчыну, а ягоную жонку з чатырма дзецьмі «пакуль пакінулі ўдома». Паводле якога артыкулу затрыманы мужчына, не ўдакладняецца.
«Агрэсіўная парачка падтрымлівала нацызм, чакала замежнай інтэрвенцыі і абяцала супрацоўнікам «добрыя труны», – заявілі пасля затрымання сілавікі.
«Медиазона» знайшла профілі мужа і жонкі «Укантакце». У сацыяльнай сетцы яны падпісаныя як Аляксей і Галіна Касцюкевічы.
Гэта не першы такі выпадак. Правакатар Юрый Камар з Мазыра займаецца тым, што выходзіць на сувязь з іншымі беларусамі праз чат-рулетку і выдае сябе за жыхара Украіны. Пасля ён задае ім правакацыйныя пытанні аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі і аб вайне ва Украіне. Такія размовы ён таемна запісвае на відэа і потым выкладвае ў свой канал на YouTube. Вядома некалькі выпадкаў, калі пасля публікацыі такіх размоваў сілавікі затрымлівалі людзей за іхную пазіцыю.
Алена Рувіна belsat.eu