Беларуская спартоўка Крысціна Ціманоўская, якая з’ехала ў Польшчу і атрымала грамадзянства гэтай краіны, здабыла срэбны медаль на чэмпіянаце Польшчы па лёгкай атлетыцы. Пра гэта спартоўка напісала на сваёй старонцы ў Instagram.
«Мой другі чэмпіянат Польшчы і другое срэбра ў не самых лепшых умовах надвор’я, але я радая, што такія секунды зʼяўляюцца на табло пры 18 градусах і ветры», – напісала Ціманоўская.
Узнагарода дасталася ёй па выніках жаночага забегу на 100 метраў. Беларуска з польскім пашпартам паказала вынік 11,26 секунды, саступіўшы толькі Эве Свабодзе (11,08 секунды).
Сёння, 28 ліпеня, Ціманоўская пазмагаецца за медалі на дыстанцыі 200 метраў.
Сёлета ў траўні Крысціна Ціманоўская здабыла золата на студэнцкім чэмпіянаце ў Познані.
У 2021 годзе Крысціна Ціманоўская брала ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа, яна ўваходзіла ў склад беларускай нацыянальнай зборнай. Калі спартоўка адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю, а яшчэ і распавяла пра гэта ў сацыяльных сетках, раскрытыкаваўшы беларускіх спартовых чыноўнікаў, яе паспрабавалі сілаю вярнуць у Беларусь. Аднак бягуння звярнулася ў мясцовую паліцыю ды медыі і заявіла, што баіцца вяртацца ў Беларусь праз пагрозу рэпрэсіяў. Пасля гэтага Крысціна паехала ў Польшчу, дзе атрымала гуманітарны від на жыхарства, а пазней і грамадзянства. Польскі пашпарт Ціманоўская атрымала 28 чэрвеня 2022 года, згодна з асаблівым указам прэзідэнта Анджэя Дуды.
Цяпер беларуска выступае і заваёўвае медалі на спаборніцтвах як польская спартоўка.
Алена Рувіна belsat.eu