Дзяцей з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый нібыта на «адпачынак і аздараўленне» вывозяць у Крым, Расею і Беларусь, заявіў сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісліца на пасяджэнні Рады бяспекі ААН 26 ліпеня.
Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, з пачатку ўварвання ў Беларусь з часова акупаваных Данецкай і Луганскай вобласцяў пад выглядам «аздараўлення» было вывезена больш за 3000 украінскіх дзяцей.
Сяргей Кісліца падчас пасяджэння Рады бяспекі ААН звярнуў увагу прадстаўнікоў Беларусі на праблему гвалтоўнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.
«Галоўная мэта такога адпачынку для ўкраінскіх дзяцей, як сцвярджаецца, палягае ў забеспячэнні сацыякультурнай інтэграцыі дзяцей у расейскае грамадства, што фактычна азначае агрэсіўнае прамыванне мазгоў», – заявіў Кісліца падчас свайго выступу.
Таксама сталы прадстаўнік дадаў, што на такім «адпачынку» дзяцей падвяргаюць антыўкраінскай ідэалагічнай апрацоўцы і прапагандзе, накіраванай на выхаванне нянавісці да Украіны, яе мовы, культуры і гісторыі.
Улады Украіны мяркуюць, што з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны плануецца вывезці не менш за 30 000 дзяцей.
У чэрвені, падчас візіту ў Аўстрыю, абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў краіны Александэрам Шаленбэргам (Alexander Schallenberg) і перадала справаздачу НАУ аб датычнасці рэжыму Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Міністр прапанаваў перадаць гэтыя доказы ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Тады дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведамляў, што гэтая справаздача яшчэ не скончаная, да канца месяца збіраюцца звесткі, імёны, факты суўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.
Таксама генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскіене (Nida Grunskienė) санкцыянавала пачатак дасудовага расследавання ў дачыненні ўладаў Беларусі аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. Справа расследуецца паводле артыкулаў КК Літвы за дэпартацыю і перасяленне цывільных асоб і разлучэнні дзяцей.
Днямі Генпракурор Украіны Андрэй Косцін паведаміў пра расследаванне супраць Беларускага Чырвонага Крыжа ў звязку з імавернай датычнасцю арганізацыі да дэпартацыі дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў.
Алена Рувіна belsat.eu