У Калодзішчах адбыўся буйны пажар у прамзоне


Уначы 26 траўня на складах у Калодзішчах, што ў Менскім раёне, адбыўся буйны пажар агульнаю плошчаю 3500 м2. З дапамогай ратавальнікаў патушыць пажар удалося да 06:35, паведамляюць у МНС.

Пажар у Калодзішчах.
Фота: mchs112by / Telegram

«Агнём знішчаны складскі будынак, рэчывы, якія захоўваюцца ў ім і на адкрытай пляцоўцы, грузавы аўтамабіль з прычэпам і легкавы аўтамабіль», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама, паводле інфармацыі МНС, пацярпеў адзін чалавек, ён шпіталізаваны з апёкамі.

На ліквідацыі пажару працавала 27 адзінак тэхнікі.

Паводле мясцовых жыхароў, каля 00:50 было чуваць некалькі гучных гукаў, падобных на выбухі, пасля чаго пачаўся моцны пажар, паведамляў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги». Імаверна, на складах захоўваліся хімічныя рэчывы, фарбы ды іншыя лёгкаўзгаральныя матэрыялы.

Прычына здарэння высвятляецца.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў