«Беларусы не могуць змагацца паміж сабой». Польскі генерал пра будучыню палка Каліноўскага


Дывізіённы генерал Войска Польскага ў стане адпачынку Леан Камарніцкі (Leon Komornicki) у кулуарах канферэнцыі аб бяспецы «Defence24 Day» у Варшаве паразважаў у размове з «Белсатам» пра тое, як для перамогі над Расеяй Захад можа дапамагчы беларусам, а як – украінцам.

Leon Komornicki
Польскі дывізіённы генерал Леан Камарніцкі. 24 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Што вы можаце сказаць пра планы магчымага ўваходу ў Беларусь палка Каліноўскага, адзінай узброенай структуры беларусаў, якія змагаюцца за свабоду?

– Мы не можам забывацца пра Беларусь і дапусціць, каб вайна, якая ідзе ва Украіне, засланіла істотную справу – справу дапамогі і клопату пра Беларусь, бо гэтая краіна грае найважнейшую ролю для бяспекі Польшчы – такую ж самую, як і Украіна.

Leon Komornicki
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У сувязі з гэтым мы мусім быць «амбасадарамі» Беларусі і дамагацца сталага падтрымання беларускай апазіцыі, якая цяпер у Польшчы, а таксама ўзброеных групаў, якія бяруць актыўны ўдзел у вайне ва Украіне, напрыклад, полк Каліноўскага. Мы павінныя падтрымліваць іх, каб стымуляваць беларускі супраціў. Добра падрыхтаваныя дзеянні кшталту тых, што мелі месца ў расейскім Белгарадзе, маглі б быць добрым пачаткам маршу беларусаў у бок рэальнай незалежнасці і суверэннасці.

– Палкоўнік Валер Сахашчык на адной з панэляў гэтае канферэнцыі папярэджваў пра рызыку грамадзянскай вайны і катэгарычна выступіў супраць таго, каб беларусы стралялі ў беларусаў.

– Беларусы ні ў якім выпадку не могуць змагацца паміж сабой. Мусяць саспець пэўныя працэсы. Нельга ігнараваць рост свядомасці беларускага грамадства, але гэтаксама і беларускіх жаўнераў – каб яны перайшлі на бок [народу. – Заўв. Belsat.eu] і не выступілі супраць са зброяй. Трэба, каб гэта былі мірныя перамены, але падтрыманыя рэальнай сілай. Трэба развіваць такую свядомасць.

– Як Польшча і Украіна будуць паводзіць сябе ў дачыненні ўзброеных беларускіх аддзелаў у выпадку развіцця такога сцэнара? Зноў прыгадаю тут Сахашчыка, які сумняваецца, што Польшча або Еўропа дапамогуць беларусам зброяй.

– Мы мусім пра гэта клапаціцца. Такія рэчы трэба рабіць з вялікай асцярожнасцю, але такую дапамогу трэба разглядаць у блізкай або далёкай перспектыве. У вялікай ступені гэта будзе залежаць ад перамогі ўкраінскай арміі. Калі яна наступіць, гэта прывядзе ў Беларусі да вялікіх працэсаў, пра якія мы ўсе марым – і беларусы, і палякі.

– Беларусы выказваюць думку, што пасля заканчэння вайны ва Украіне беларускія аддзелы, хутчэй за ўсё, раззброяць. Што вы думаеце пра такі варыянт развіцця падзеяў?

– Гэта было б дрэнна. Украіна павінна дбаць пра развіццё беларускага патэнцыялу – ладзіць трэнінгі і рыхтаванне [ваяроў. – Заўв. Belsat.eu]. Трэба разумець, што на тэрыторыі Беларусі ёсць расейскія жаўнеры, якія акупуюць гэтую краіну.

Таму вельмі важна будаваць свядомасць і развіваць тактычны беларуска-ўкраінскі саюз, які ўтварыўся на тэрыторыі Украіны, каб ён там трываў і развіваўся, бо невядома, якая сітуацыя можа паўстаць неўзабаве. Можа аказацца, што гэтыя жаўнеры будуць вельмі патрэбныя і вельмі важныя.

Таксама гэта будзе мець уплыў на рост свядомасці беларускага грамадства, якое будзе ведаць, што мае сваіх прадстаўнікоў ва Украіне: кшталту, «калі гэтай краіне ўдалося стаць незалежнай – такі шанец ёсць і ў нас».

– Захад тэарэтычна будзе гатовы падтрымаць беларусаў зброяй у неабходным маштабе?

– Сёння няма нават такіх думак. Зрэшты, беларуская апазіцыя ў Польшчы пастаянна падкрэслівае, што такая патрэба існуе: маўляў, не забывайцеся пра Беларусь, бо беларусы таксама мараць пра незалежнасць і суверэннасць. Беларусы далі прыклад сваім паўстаннем, якое адбылося амаль тры гады таму ў адказ на сфальсіфікаваныя выбары. Гэты пратэст не памёр, ён прыдушаны, але ўсцяж жыве ў грамадстве.

Leon Komornicki
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Калі Расея аслабне ў гэтай вайне пасля перамогі Украіны, у беларускага грамадства саспее патрэба дамагчыся незалежнасці мірным шляхам.

– Што яшчэ Захад можа зрабіць для Украіны па-за ўсім тым, што робіць цяпер, каб прыблізіць яе перамогу?

– Па-першае, Захад павінен дапамагаць Украіне зброяй і амуніцыяй загадзя, прынамсі за тры месяцы ў дачыненні патрэбаў і запланаваных заданняў – як аперацыйных, гэтак і стратэгічных. Як вядома, украінская армія прайшла пераўзбраенне і цяпер цалкам залежыць ад вонкавых паступленняў баявой тэхнікі з Захаду.

Даведка
Канферэнцыя аб бяспецы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе «Defence24 Day» праходзіць у Варшаве 24–25 траўня. Падзея ладзіцца пяты раз, большасць дыскусіяў сёлета вядзецца вакол тэмы вайны ва Украіне. Адну з панэляў форуму прысвяцілі будучыні незалежнай Беларусі.

Па-другое, украінская армія зможа дамагчыся поспеху, калі будзе забяспечаная сістэмамі агню, якія могуць сягаць тэрыторыі Расеі, бо вельмі важна ізаляваць поле бою на тэрыторыі Украіны ад паступлення свежых сілаў, рэзерваў і амуніцыі. Расея беспакарана дасылае туды гэта і такім чынам падтрымлівае агонь, які гарыць ва Украіне. Калі ўдасца адрэзаць гэтыя рэсурсы дальнабойнымі сістэмамі агню, у расейскай арміі будзе перакрыты кісларод – і гэты агонь пагасне. Без такой зброі ўкраінскай арміі гэтую вайну будзе перамагчы цяжка. Гэта ключавое пытанне.

Leon Komornicki
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Брытанцы далі нядаўна такую зброю, але з умовай, што ўкраінцы будуць выкарыстоўваць яе толькі на сваёй тэрыторыі. Так нельга! Немагчыма абмяжоўваць краіну, якая бароніцца, межамі краіны, якая яе атакуе.

Украінцы не могуць нічога зрабіць у Расеі, а тая спроба, якая была зробленая пад Белгарадам, – сухапутныя дзеянні маленькімі дыверсійна-выведнымі групамі – не нанясе вялікае шкоды расейскай арміі. Удары дальнабойнай зброяй у ракетныя агнявыя пункты, склады боепрыпасаў, аэрадромы былі б самым эфектыўным метадам аслаблення варожага патэнцыялу.

  • Генерал Камарніцкі ў 1977-м скончыў Вайсковую акадэмію бранятанкавых войскаў імя маршала Маліноўскага ў Маскве. У 1990-м стаў камандуючым войскамі Варшаўскай вайсковай акругі. У 1992-м прызначаны намеснікам начальніка Генеральнага штабу Войска Польскага. У 1998 годзе звольнены ў запас. З таго часу займаецца бізнесам і піша вершы ды фрашкі. На канферэнцыі «Defence24 Day» Камарніцкі ўдзельнічаў у дыскусіі на тэму здольнасці Расеі аднавіць свой ваенны патэнцыял.

Ян Лісіцкі ў супрацы з рэдакцыяй праграмы «ПраСвет» belsat.eu 

Стужка навінаў