Дзяржаўны камітэт маёмасці Беларусі вынес на абмеркаванне праект змяненняў у законы наконт пытанняў дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці, правоў на яе і ўгодаў з ёю. Абмеркаванне праходзіць на прававым форуме да 3 траўня.
З мэтай удасканалення «практыкі» і ліквідацыі «прабелаў» Дзяржкамітэт маёмасці сярод іншага прапануе караць за парушэнне тэрмінаў дзяржрэгістрацыі пераходу правоў на аб’екты нерухомасці.
У ведамстве адзначылі, што часам людзі не звяртаюцца па рэгістрацыю нерухомасці, у выніку падаткі за яе могуць налічваюцца асобам, якія больш фактычна не ёсць уладальнікамі.
У сувязі з гэтым Дзяржкамітэт маёмасці прапануе абавязаць ажыццяўленне дзяржаўнай рэгістрацыі адносна абʼектаў нерухомай маёмасці. У Міністэрства ўнутраных справаў ужо скіраваная адпаведная прапанова, каб у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях уключылі адказнасць за невыкананне абавязку своечасовага звароту па дзяржаўную рэгістрацыю нерухомасці. Цяперашні тэрмін складае шэсць месяцаў.
У 2023 годзе ў Беларусі запрацаваў Закон аб канфіскацыі маёмасці. Паводле дакументу, канфіскацыі падлягаюць грошы, акцыі, аблігацыі, каштоўныя паперы, нерухомасць, транспартныя сродкі ды іншыя аб’екты права ўласнасці.
Сканфіскаваць іх могуць у любых фізічных або юрыдычных асобаў, незалежна ад таго, дзе тыя зарэгістраваныя, калі яны ўчынілі недружалюбныя дзеянні ў дачыненні Беларусі або паўплывалі на замежныя дзяржавы ва ўчыненні такіх дзеянняў. Што маецца на ўвазе пад недружалюбнымі дзеяннямі, не ўдакладняюць. Вырак наконт канфіскацыі прымае Савет Міністраў, а сканфіскаваная маёмасць пераходзіць ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь.
Якуб Хруст belsat.eu