Зміцер Дашкевіч, якога затрымалі 23 сакавіка, знайшоўся ў ІЧУ на Акрэсціна. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла раніцай 24 сакавіка ягоная жонка Наста Дашкевіч. У дзень затрымання мужа на сувязь яна не выходзіла.
«Навіны на цяперашні час такія: Зміцер знайшоўся сёння ў ІЧУ на Акрэсціна. Мяркую, што будзе адміністратыўны суд сёння ці заўтра. Ці гэтым усё скончыцца – невядома», – напісала Наста Дашкевіч.
Змітра Дашкевіча жорстка затрымалі на вачах ягоных дзяцей 23 сакавіка. У кватэры Дашкевічаў супрацоўнікі МУС правялі ператрус, забралі тэхніку і сродкі сувязі. Жонку Змітра Насту Дашкевіч не затрымлівалі. Сям’я Дашкевічаў выхоўвае траіх дзяцей і чакае чацвёртага.
На мінулым тыдні Дашкевіча разам з жонкай выклікалі на допыт.
Зміцер Дашкевіч – былы кіраўнік «Маладога фронту», некалькі разоў адбываў тэрміны зняволення за палітычную дзейнасць у Беларусі. Быў адным з арганізатараў акцыяў «Ноч расстраляных паэтаў» і «Абароны Курапатаў». Пасля выбараў 2020 года Дашкевіч заставаўся, бадай, адзіным публічным апазіцыйным палітыкам, які не выехаў з Беларусі.
ЗК belsat.eu