Расейская ЦВК не дапусціла Кацярыны Дунцовай да збору подпісаў на выбары


Цэнтральная выбарчая камісія не дапусціла расейскай журналісткі з Ржэва Кацярыны Дунцовай да збору подпісаў на падтрыманне самавылучэння на пост прэзідэнта Расейскай Федэрацыі. У дакументах, якія яна падала ў ЦВК, нібыта знайшлі вялікую колькасць памылак.

Кацярына Дунцова. Крыніца: Ateo Breaking / Telegram

Паведамленне, што Дунцовай адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, з’явілася ў тэлеграм-канале даверанай асобы журналісткі.

ЦВК сцвярджае, што ў дакументах, пададзеных Дунцовай, было больш за 100 памылак, што і сталася прычынаю адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Сярод памылак згадваліся няправільная напісанне імя па бацьку, няправільны нумар пашпарта арганізатара збору ініцыятыўнай групы, звярталася ўвага на тое, што чальцы ініцыятыўнай групы замест подпісу ставілі слова «так» ці выкарыстоўвалі малюнак кацяняці (пазней удзельнік ініцыятыўнай групы сапраўды падаў сведчанні таго, што ягоны подпіс падобны да выявы кацяняці).

Доказы несапраўдных подпісаў ад ЦВК Расеі.
Фота: Nexta / Telegram

«Спадарыня Кацярына, вы маладая жанчына, у вас усё яшчэ наперадзе. Любы мінус заўсёды можна перавесці ў плюс, любы досвед – усё роўна досвед», – сказала Дунцовай старшыня ЦВК Эла Памфілава.

Кацярына Дунцова звярнулася да партыі «Яблоко», якая пакуль не вылучала ад сябе нікога з кандыдатаў, з просьбаю вылучыць на выбары прэзідэнта Расеі ейную кандыдатуру.

Пра намер балатавацца на пост прэзідэнта РФ Кацярына Дунцова заявіла 16 лістапада (на той момант Уладзімір Пуцін яшчэ не паведаміў пра жаданне браць удзел у выбарах). Жанчына выступала за спыненне баявых дзеянняў ва Украіне і правядзенне дэмакратычных рэформаў.

20 снежня Дунцова падала дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы і адзначала, што падставаў для адмовы не павінна быць. Пасля таго як яна заявіла пра намер балатавацца, яе выклікалі ў пракуратуру, а да натарыуса, які заверыў пратакол аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Дунцовай, прыйшлі правяральнікі з Міністэрства юстыцыі РФ.

Ход думкі з Віктарам Шандаровічам
Выбары 2024: Дунцова vs Пуцін?
2023.12.15 13:12

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў