Выбітны беларускі музыка, літаратар і мастак Лявон Вольскі 22 ліпеня атрымаў медаль да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Узнагароджанне адбылося падчас канцэрту.
«Фантастычны сюрпрыз проста на канцэрце! Сёння на канцэрце ў Варшаве я быў уганараваны высокай узнагародаю – медалём Рады БНР. Шчыра дзякую!» – паведаміў музыка ў Facebook.
Медаль уручыў намеснік дырэктара «Белсату», сябра Рады БНР Аляксей Дзікавіцкі.
«Меў гонар ад імя Рады БНР уручыць медаль да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі выбітнаму творцу, дарагому сябру Лявону Вольскаму проста ў часе ягонага канцэрту», – адзначыў ён.
Медаль 100 гадоў БНР быў зацверджаны Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, 23 сакавіка 2018 года. Агулам медалём узнагароджаныя больш як 130 асоб з Беларусі і замежжа.
Якуб Хруст belsat.eu