Раніцой 22 ліпеня ў Менску затрымалі Яўгена Барысіка і Максіма Стасілевіча. Абодва – менскія вернікі Царквы хрысціянаў веры евангельскай, паведамляе «Polskie Radio».
Падчас затрымання былі канфіскаваныя пакункі ўлётак «Малітва за Беларусь» з заклікам маліцца за краіну і народ «у гэты няпросты час», цытаты з Евангелля і евангельскі гімн «Чакаем цябе, наш Ісус».
Пра абставіны затрымання напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» жонка і сястра затрыманых Вольга Барысік. Дакладную прычыну затрымання мужа і брата Вользе не патлумачылі.
«Напэўна, ужо і маліцца за Беларусь супрацьзаконна, асабліва, калі на беларускай мове», – дадае жанчына.
Як паведаміла Вольга пазней, хлопцам прысудзілі па 10 содняў арышту. Максіму – за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП), Яўгену – за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). Судзіла іх суддзя Таццяна Мотыль.
Марыя Мурашка belsat.eu