Стымулююць ВУП – разгоняць цэны. Эканаміст папярэдзіў пра наступствы зніжэння стаўкі рэфінансавання ў Беларусі


Ад 31 траўня ў Беларусі зноў знізіцца стаўка рэфінансавання, ужо ў пяты раз за сёлета. Яна складзе 9,75%. Што з дапамогаю гэтай стратэгіі намагаюцца зрабіць эканамічныя ўлады і чым пагражаюць такія крокі, «Белсат» спытаў эканаміста Дзмітрыя Крука.

Жанчына аплочвае пакупку карткай на Камароўскім рынку.
Фота: Белсат

Нацыянальны банк ад сёлетняга студзеня стала паніжае стаўку рэфінансавання. Да гэтага амаль год, з леташняга красавіка, яна не змянялася і складала 12%.

З 23 студзеня стаўка знізілася да 11,5%, з 1 сакавіка – да 11%, з 3 красавіка – да 10,5%, з 2 траўня – да 10%, а з 31 траўня будзе 9,75%.

Hавiны
Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання з 31 траўня
2023.05.22 16:39

Самае відавочнае, што гэта дае, – больш таннымі становяцца крэдыты (праўда, адначасова зніжаецца прыбытак дэпазітаў). Менавіта даступнымі крэдытамі эканамічныя ўлады хочуць падштурхнуць рост валавога ўнутранага прадукту. Акурат гэта, як патлумачыў у размове з «Белсатам» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, асноўная мэта тых, хто кіруе ў Менску:

«Фактычна Нацбанк амаль цалкам ігнаруе інфляцыйныя меркаванні, і робіцца гэта з аглядкай на тое, што ў 2022 годзе быў істотны спад ВУП, а зараз трэба зрабіць усё, каб як мага хутчэй аднавіць узровень ВУП і даходаў беларусаў. Гэта не толькі пазіцыя Нацбанку, гэта кансалідаваная пазіцыя эканамічных уладаў. Гэта сведчыць аб тым, што адміністратыўная роля рэгулятара істотна знізілася».

Нацбанк, паніжаючы стаўку рэфінансавання, спасылаецца на запавольванне інфляцыі. Паводле Крука, рэгулятар мяркуе, што эканоміка абароненая ад росту цэнаў штучным стрымліваннем. Аднак гэты механізм досыць хісткі, адзначыў суразмоўца «Белсату»:

«Не факт, што, калі цэнавы ціск узрасце, механізм рэгулявання цэнаў будзе надзейным. Цалкам магчыма, што, каб пазбегнуць дэфіцыту, нават у межах гэтага механізма будуць вымушаныя даваць дазволы на падвышэнне цэнаў. І ўсё больш сігналаў у прамовах чыноўнікаў, што ад гэтага цэнавага рэгулявання ў такім празмерна жорсткім выглядзе калі не пазбавяцца цалкам, то будуць яго змякчаць».

Галоўнае наступства гэткай мяккасці Нацбанку – разгон інфляцыі, заявіў Дзмітрый Крук:

«Інфляцыя – інерцыйная рэч. Тое, што на яе ўплывае сёння, відавочным становіцца праз 4 ці 6 месяцаў. Сёння акурат складваюцца чыннікі для будучага паскарэння інфляцыі. Гэта амаль непазбежна».

Эксперт прызнаў, што нізкая стаўка рэфінансавання дае ўнёсак у рост ВУП, да чаго імкнуцца ўлады, аднак не вызначальны.

«Галоўная роля належыць экспарту, пакуль сітуацыя досыць прывабна выглядае. З вялікай імавернасцю можна казаць, што сёлета ў дадатак да аднаўлення экспарту нафтапрадуктаў значна нарасцілі экспарт і калійных угнаенняў. Гэта асноўныя чыннікі, якія штурхаюць рост ВУП», – упэўнены суразмоўца «Белсату».

Крук не выключае, што, нягледзячы на рызыку разгону інфляцыі, Нацбанк могуць прымусіць да далейшага зніжэння стаўкі рэфінансавання.

«Да 2019 года Нацбанк быў канчатковым цэнтрам ухвалення падобных захадаў, цяпер яны хутчэй выканаўцы. Фактычна яны падпарадкоўваюцца ўказанням, якія фармуюцца ці то ў адміністрацыі, ці то ва ўрадзе. Сёлета яны вельмі хочуць прадэманстраваць высокі тэмп росту ВУП, адпаведна, калі ён пачне запавольвацца, цалкам верагодна будуць даваць каманду: давайце зніжайце далей», – мяркуе эканаміст.

Паводле ягоных падлікаў, цяпер стаўка рэфінансавання ў Беларусі мусіць быць не ніжэй за 11%.

Каментар
«Пазітыў ляжыць на складах». Прэм’ер Беларусі распавёў пра рэкордныя поспехі эканомікі, аднак змаўчаў пра праблемы
2023.05.17 20:09

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў