Менчукі Андрэй і Уладзіслаў цяпер жывуць у Батумі. Ці надоўга, мужчыны не ведаюць. Але вяртацца ў Беларусь яны не хочуць, бо не пачуваюцца там у бяспецы. Абодва прайшлі праз пекла першых паслявыбарчых дзён у жніўні 2020 года. Андрэя затрымалі і моцна збілі, потым менчуку намякнулі, што, калі ён напіша заяву, справу могуць завесці супраць яго. Уладзіслаў вучыўся на юрыста і кінуў вучобу, бо «юрыспрудэнцыі ў Беларусі больш няма». Мужчыны распавялі «Белсату» свае гісторыі.
Андрэю 34 гады. Свайго прозвішча ён не называе з меркаванняў бяспекі. Таксама адмаўляецца фатаграфавацца, бо не выключае вяртання ў Беларусь. У Батумі прыляцеў нядаўна, пакуль адаптуецца і спрабуе адпачыць ад сталага пачуцця трывогі. Свой аповед пачынае з дня прэзідэнцкіх выбараў – 9 жніўня 2020 года.
– Разам з бацькамі і сябрамі мы пайшлі прагаласавалі. З участку не сыходзілі, засталіся на вуліцы чакаць вынікаў. Разам з намі яшчэ чалавек сто стаялі. Але замест агучвання камісіяй пратаколу а 9-й гадзіне ўвечары прыехала міліцыя і ўсіх разагнала.
Мы тады з сябрамі пайшлі на Нямігу. Разгону мо і чакалі, але такой жэсці – дакладна не. Тое, што я ўбачыў, мяне так уразіла, што я пачаў хадзіць на кожны нядзельны мітынг. Хоць да 2020 года палітыкай я не асабліва цікавіўся: пачаў заглыбляцца падчас пандэміі ковіду, калі пабачыў, што робяць, а дакладней, чаго не робяць нашыя ўлады. Хлусня і абыякавасць, а яшчэ і адкрытыя здзекі з экрану пра сала, гарэлку і трактар вельмі падарвалі давер.
10 жніўня я быў на «Пушкінскай». Было адчуванне, нібы ідзе вайна. Я бачыў хлопца, якому адарвала ступак, і засталася толькі пятка, як чалавека параніла святлошумавой гранатай у жывот. У сілавікоў было зашмат спецсродкаў супраць бяззбройных людзей.
– Праз Акрэсціна прайшоў мой знаёмы – выйшаў увесь сіні. Я не мог пасля ўсяго гэтага не выходзіць. Я думаў, што, калі не выйду я – і так падумае кожны: застануся ўдома, няхай іншы выходзіць, – то не выйдзе ніхто. Таму я выходзіў. Трэба было паказаць, што мы не спужаліся і што нас шмат.
Затрымалі мяне 8 лістапада. Тады не было ніякіх мітынгаў. Каля 11-й гадзіны ўвечары ў маім двары з двух бусаў выскачылі амапаўцы і пачалі хапаць выпадковых людзей. Мяне павалілі на зямлю, скруцілі, зацягнулі ў бус. Было шмат лаянкі, ніякіх тлумачэнняў. У чым я вінаваты? У мяне патрабавалі пароль ад тэлефона, потым ад «Тэлеграму». За кожнае «не дам» я атрымліваў дручком. Білі па баках, руках, нагах.
Калі перасаджвалі ў іншы бус, адзін з іх пачаў біць мяне па галаве дручком. Калі я спрабаваў абараніцца, ён біў з такою сілаю, што дручком зламаў мне палец на правай руцэ, а галаву разбіў да крыві.
Я прасіў выклікаць хуткую дапамогу, але мяне павезлі на Акрэсціна. Там супрацоўнік, які праводзіў асабісты дагляд, заўважыў, што ў мяне зламаны палец. А яшчэ з маёй галавы ўвесь час цякла кроў. Той супрацоўнік запытаў у маіх канваіраў: «Навошта вы яго сюды прывезлі?» Тады і выклікалі хуткую ды адвезлі мяне ў шпіталь.
– Калі паступаеш з такімі траўмамі ў больніцу, твае звесткі ў любым выпадку трапляюць у міліцыю. Потым мяне выклікаў следчы і сказаў: «У цябе ёсць два варыянты: пісаць заяву альбо не пісаць. Калі напішаш, з вялікай доляй верагоднасці да цябе прыйдуць, да тваіх блізкіх і знаёмых, пад цябе пачнуць капаць». На той момант я ўжо ведаў гісторыі, як на людзей, якія падавалі заявы, заводзілі крымінальныя справы, таму вырашыў не пісаць.
Праз месяц – паўтара мне прысудзілі штраф паводле 23.34.
Цяпер я ў Батумі, пакуль адпачываю. Ёсць думкі пра эміграцыю назусім, але не ў Грузію. Буду пазней вызначацца, у залежнасці ад сітуацыі ў Беларусі. Цяпер я там не магу адчуваць сябе ў бяспецы. У жорны сістэмы трапляюць цалкам невінаватыя людзі: разумееш, што і ты можаш зноў трапіць.
Агулам я настаўлены аптымістычна, але не веру, што нашая перамога будзе хутка. Людзі перасталі супраціўляцца. Ходзяць на працу, з усім пагаджаюцца. Страйкаваць не хочуць. А самыя актыўныя, разумныя, эліты з’язджаюць. А з іх жа і пачынаецца пратэст. Калі іх зусім не застанецца ў краіне – будзе цяжка.
Уладзіславу – 29 гадоў. У 2020-м працаваў таксоўцам і вучыўся на трэцім курсе факультэту правазнаўства ў адным з менскіх універсітэтаў. Пра сутнасць беларускай палітыкі ведаў з асабістага досведу: быў назіральнікам на парламенцкіх выбарах. Але таго, што адбывалася ў жніўні 2020 года, маладзён не чакаў. Гэтак жа, як і Андрэй, Уладзіслаў адмаўляецца называць прозвішча і фатаграфавацца для публікацыі.
– 9 жніўня я спрабаваў трапіць да стэлы, але не паспеў, там ужо было перакрыта. Мы з сябрамі і людзьмі, якія проста, як і мы, выйшлі на вуліцы, ішлі ў бок стэлы на крыкі «Жыве Беларусь!» па праспекце Пераможцаў, па якім раптоўна перасталі ездзіць машыны. Раптам пад’ехалі чырвоныя бусы, з іх выкінулі святлошумавую гранату. Было вельмі страшна. Але мы ішлі. А потым заўважылі, што з боку стэлы спусціліся сілавікі са шчытамі. Так нам адрэзалі шлях. Але мы бачылі і чулі, як там усё бліскала і грымела.
У той вечар мяне ўразіла тэхніка для разгону. Глядзеў і не верыў: яны што, гэтым каўшом людзей будуць разганяць? Мая кроў бурліла, хацелася нешта рабіць. Я не мог зразумець: як гэта? Мы ж людзі, і яны таксама людзі!
Першыя тры дні пасля выбараў я не мог спаць. Засынаў на пару гадзінаў, прачынаўся, сядаў у машыну і ехаў да сяброў думаць, што рабіць далей.
А калі слухаў сваіх пасажыраў, якія амаль усе былі пратэстава настроеныя, я пачынаў верыць, што вось-вось – і ўсё зменіцца. Не змянілася.
– На наступны вечар на «Пушкінскай» я трапіў у сапраўднае пекла. Я прыйшоў, хоць 9-га мне было страшна, але злосць на несправядлівасць перакрывала ўвесь страх.
Я ўбачыў, як сілавікі могуць у рандомным парадку страляць у людзей, у машыны. Майму сябру аскепак трапіў у жывот. Я асабіста не бачыў, але чуў, як крычалі: «Прапусціце, вязём чалавека без нагі».
Людзі большую частку часу спакойна стаялі, але ў нейкі момант з натоўпу паляцелі кактэйлі Молатава, і я нават радаваўся, бо гэта здавалася справядлівым адказам. Упершыню ў жыцці я радаваўся нечаму такому. Цяпер афіцыйна мы маем амаль 700 палітычных вязняў. А колькі тых, каго афіцыйна не прызналі? Пацярпелі тысячы людзей. Цяпер ахвяраў больш, чымся магло б быць, калі б год таму людзі паднаціснулі.
Я хадзіў на кожны мітынг. З дня народзінаў зрываўся і ехаў на мітынг. Я не разумеў, як можна было не хадзіць.
Мяне ні разу не затрымалі, хоць давялося ўцякаць ад жорсткага разгону. Падчас аднаго з мітынгаў нас атачылі. Справа з двара вылецелі святлошумавыя гранаты. Уцякаць не было куды, але я пабег і здолеў уратавацца.
– Яшчэ летась я вучыўся на трэцім курсе на юрыста. Калі ўсё пачалося, з’явіліся сумненні: навошта я вучуся, якая тут можа быць юрыспрудэнцыя, калі тут усё робіцца так, як скажуць зверху? Я сышоў і на вучобу не збіраюся вяртацца, пакуль у нас не будзе нармальнай, сапраўднай юрыспрудэнцыі ў краіне. Таксама я не мог працаваць і не разумею дасюль, як можна працаваць і такім чынам падтрымліваць сваймі падаткамі сістэму.
Я прыляцеў у Батумі ў сакавіку першым самалётам, як толькі адкрылі Грузію, знялі каранцін.
Вяртацца не збіраюся, пакуль удома такая сітуацыя. І сыход Лукашэнкі для мяне не перамога. Бо там, наверсе, усе такія, і прыбіраць трэба ўсіх, не толькі яго. Патрэбная поўная люстрацыя.
Я быў назіральнікам на парламенцкіх выбарах у 2016 годзе. І тады на свае вочы пабачыў праўду. Налічыў я адну колькасць людзей, якія прыйшлі, а калі выніковую лічбу агучылі зусім іншую, я шмат даведаўся пра нашую сістэму. Зразумеў, што вось так у нас выбіраюць усіх, хто там сядзіць на пасадах. Яны гнілыя ўсе.
– У Грузіі мне падабаецца праз адчуванне свабоды. Хоць тут не рай. Эканамічна цяжка, гэта не Еўропа. Тут дрэнна з працай. Аднак мне ўдалося, працую кіроўцам.
Я тут праехаў шмат вёсак, і ў кожнай з іх, нават там, дзе дарог амаль няма, усё беднае, але там ёсць жыццё. Там шмат людзей, жывёлы. У нас жа ў вёсцы ўбачыш аднаго-двух дзядуляў, бабуль – і ўсё. Ніхто не трымае кароў, свіней. Вёска памірае. А тут – жыццё. Гэта ўражвае.
Тут перастаеш баяцца паліцыю. Ты іх бачыш, і ў цябе ўнутры нічога не сціскаецца ад пачуцця небяспекі, ты не чакаеш, што цябе зараз запакуюць. Хоць у самым пачатку яшчэ на аўтамаце іх баішся, і гэты страх я бачыў не толькі ў сабе, а і ў іншых беларусаў. На адной акцыі, памятаю, калі мы стаялі са сцягамі, пад’ехала паліцыя. Я бачыў, як людзі напружыліся, нехта пачаў адыходзіць, нехта – тлумачыць, што мы тут нічога дрэннага не робім, а Грузію вельмі любім і за ўсё дзякуем. А паліцыянты выслухалі і пытаюць: «Чым мы можам вам дапамагчы?» Уяўляеце шок беларуса? Паліцыя пытае, чым можа дапамагчы. Пасля такіх выпадкаў пачынаеш разумець, якою мусіць быць сапраўдная паліцыя, якая служыць народу.
Ганна Ганчар, belsat.eu