news
Інтэрв'ю

Альгерд Бахарэвіч: Падлеткавая любоў да прыгодаў і таямніц ёсць любоўю да свабоды

Размаўляем пра беларускую ненармальнасць.
23.06.202407:17

Новая кніга Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба» разыходзіцца на цытаты і мемы і ўжо праз месяц пасля прэмʼеры выходзіць новым накладам. Аказалася, што авантурны прыгодніцкі раман для падлеткаў зацягвае ў свае глыбіні і дарослых чытачоў. Бо ў кожным з нас жыве падлетак. Унутры аўтара – дык дакладна. Пра гэта ў размове з «Белсатам» кажа сам Бахарэвіч. Размаўляем з ім пра беларускую ненармальнасць, вузкавокіх дзеўчын і пра тое, што рабіць, каб усім нам не прыйшоў «ыбыбык»…

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі «Капітан Лятучая Рыба» ў Рызе, Латвія. 25 траўня 2024 года.
Фота: Зміцер Сульжыц / kontekst.lv

«Белсат»: – Альгерд, больш за месяц прайшло з моманту выхаду тваёй новай кнігі «Капітан Лятучая Рыба». Як паляцела? У сэнсе продажаў і водгукаў.

– Палёт цудоўны – нягледзячы на ўсе буры і тайфуны. У траўні мы з выдаўцом Андрэем Янушкевічам, паэткай Юляй Цімафеевай і перакладчыкам Сяргеем Шупам выправіліся ў турнэ па пяці гарадах. Наведалі Вільню, Рыгу, Талін, Вроцлаў і Прагу, дзе выступалі перад мясцовымі беларусамі. І ў гэтае турнэ я паехаў са свежанадрукаваным «Капітанам Лятучай Рыбай». Большая частка кніг была раскупленая падчас гэтага падарожжа, і чытацкія чэргі па аўтограф сапраўды ўражвалі. Астатнія асобнікі разышліся ў варшаўскай кнігарні «Кнігаўка». Так што ўжо выйшаў новы наклад рамана.

– Ого, выдатна! Што да водгукаў, дык цікава, ці атрымаў ты зваротную сувязь ад тых, каму гэтая кніга можа быць найбольш блізкая, – ад падлеткаў?

– Увогуле, водгукаў хапае, хоць іх ніколі не бывае зашмат. Відаць, найлепшы разбор «Капітана» зрабіў Андрэй Хадановіч на сваім youtube-канале. 

Але падлеткі пакуль маўчаць – за іх гавораць дарослыя. І гэта схіляе мяне да думкі, што «Капітан Лятучая Рыба» – усё ж кніга для тых, каму моцна за дваццаць. Не, мне, вядома, трапляліся кранальныя пасты ў сацсетках ад маці, якія радуюцца, што іх дзеці чытаюць кніжку па-беларуску, і я шчаслівы бачыць у іхных руках «Капітана…». Але ці падабаецца мой раман падлеткам – вялікае пытанне.

Што насамрэч думаюць падлеткі пра нас, пра свет, пра сучасную літаратуру – для мяне загадка. А наагул, «Капітан Лятучая Рыба» – кніжка для ўсіх, хто ўмее чытаць па-беларуску.

«Безумоўна, ува мне жыве падлетак»

– Добра, адпусціў «Капітана…» ў вольнае плаванне. Не сумуеш па гераіні? Ці, можа, часамі, яна вяртаецца да цябе абмеркаваць сёе-тое?..

– Баюся, я для яе занадта стары і нудны. Хто з пятнаццацігадовых у здаровым розуме будзе слухаць нейкага старэйшага дзядзьку, ды яшчэ і беларускага пісьменніка? Я б дакладна не слухаў. Мяркую, большасць пятнаццацігадовых упэўненыя, што ўсе беларускія пісьменнікі даўно памерлі. Прынамсі, так іх вучаць у школе.

Альгерд Бахарэвіч падпісвае кнігу на фестывалі «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Калі не сакрэт, як прымроілася табе гэтая дзяўчынка з раскосымі вачыма – Алеся Жалейка. Чые ў яе вочы?

– Хто ведае… Я люблю расказваць, як мне прыйшла ідэя рамана. Мая жонка Юля паехала ў Берлін, дзе рыхтавалася да пастаноўкі яе пʼеса «Экстрэмісты». А я застаўся на пару дзён адзін у дажджлівым і шэрым Гамбургу. Сядзеў маркотны ў садзе з адсырэлай цыгарэтай, глядзеў на туманны і халодны парк – і раптам пабачыў яе. Алесю. У тым самым палітоне…

І ўсё закруцілася. Вядома, Алесіны вочы – гэта і мая гульня з тымі смешнымі людзьмі, якія яшчэ вераць у нейкую «славянскую знешнасць» і «беларускія рысы твару». Дый зірні на нас з Юляй. Мы з ёй досыць вузкавокія – хоць усе нашыя продкі спрэс беларусы.

–  Ты пісаў, што ідэя стварыць прыгодніцкі раман прыйшла «шмат гадоў таму», калі перачытваў Янку Маўра. Ці можна сказаць, што ўвесь гэты час унутры пісьменніка (з сівой ужо барадой) жыў і шукаў выхаду падлетак? Раскажаш пра яго – твайго ўнутранага падлетка?

– Безумоўна, ува мне жыве падлетак. Нягледзячы на тое, што ўзімку мне стукне 50. Без гэтага ўнутранага падлетка ніякая пісьменніцкая творчасць немагчымая. Трэба захоўваць вось гэты самы позірк на жыццё – вачыма чалавека, які толькі пачынае сваё падарожжа ў вялікі, страшны, абсурдны і жорсткі, і ўсё ж вельмі прыгожы свет. Гэта вельмі важна – умець рабіць адкрыцці, здзіўляцца, любіць таямніцы, рызыкаваць, умець бачыць цуды там, дзе іншыя бачаць хіба што нязручнасці і марнасць. Ведаеш, як пісаў сэр Конан Дойл?

«Я выканаў сваю простую задачу,

калі даў хоць гадзіну радасці хлопчыку,

які ўжо напалову мужчына,

ці мужчыну – яшчэ напалову хлопчыку».

Ён напісаў гэта вельмі даўно – і само сабой, шкада, што напісаў толькі пра мужчын і хлопцаў, бо да дзяўчат яго словы таксама адносяцца. Аўтар прыгодніцкіх раманаў мусіць быць хоць бы напалову хлопчыкам ці дзяўчынкай – бо падлеткавая любоў да прыгодаў і таямніц ёсць любоўю да свабоды.

Самыя нудныя пісьменнікі на свеце – тыя, хто гаворыць «з вышыні сваіх гадоў, белізны сваіх зубоў». Тыя, хто ўпэўнены ў сваёй «сурʼёзнасці». Тыя, хто павучае іншых, думаючы, што ведае ўсё…

«Быць прафесійным пісьменнікам – асобны від тэатру»

– Маеш рацыю. «Захапляльна, прыгожа, не адарвацца», – ацэньвае твой новы раман Сяргей Дубавец. Згодзен. Але такое ўражанне, што Альгерд Бахарэвіч проста ўзяў ды пагуляў у прыгоды з вобразамі ды словамі («каб не забранзавець душой»). «Капітан Лятучая рыба» – гэта раман-гульня?

– Усе мае кнігі – гульня. Літаратура наогул – вялікая і вельмі цікавая гульня. А быць прафесійным пісьменнікам – асобны від тэатру. У гэтым тэатры з часам занікае мяжа паміж сцэнай і прыватным жыццём, і ты почасту ўжо не разумееш, дзе ты і хто ты. Аўтар? Ці проста чалавек? Ты хочаш гаварыць так, як ты пішаш, ты і на кухні ў фартуху – пісьменнік…

«Сабакі Еўропы» – таксама гульня… Проста не такая відавочная і значна больш складаная.

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Пісьменнік стварае штосьці з поўнай пустаты, маючы ў распараджэнні толькі словы. Уяві веліч гэтага моманту… Вось яшчэ хвіліну нічога не было – і нараджаецца тэкст, які будуць чытаць незнаёмыя табе людзі. Ты гуляеш словамі, гуляеш з чытачом: з прыхільным, разумным і ўважлівым гуляеш у нешта кшталту шахматаў, з непрыязным і недалёкім – у здзеклівыя даганялкі, з ворагамі – у сярэднявечную бітву.

Але найперш ты гуляеш з мовай і з самім сабой. Ці зможаш ты абыграць сам сябе – напісаць тое, што задумаў?

«Капітан» быў задуманы як класічны, чытэльны прыгодніцкі раман з моцным сюжэтам без асаблівых стылістычных выкрутасаў, пра нашае сёння, пра Вялікае Беларускае Падарожжа, пра стыхію нашага масавага выгнання. Кніга, якую зможа прачытаць кожны.

Такія кнігі насамрэч пісаць цяжэй за ўсё. Ці атрымалася? Меркаваць чытачам. Але ёсць і яшчэ адна гульня – гульня з архетыпамі, з іншымі сюжэтамі, з тым, што ўжо было створана да цябе, гульня з алюзіямі…

– Заўтра з табой звязваецца менеджар якога-небудзь IT-гіганта гульнявой індустрыі і кажа: Альгерд, а давай на падставе тваёй кнігі створым гульню… Дасі згоду?

– Вядома, чаму б і не. Гэта нармальны падыход да прыгодніцкай літаратуры. Іншая рэч, што ў нас усё ненармальна. Мы жывём у ненармальнай сітуацыі, чытаем кожны дзень абсалютна ненармальныя навіны, у нас ненармальная дзяржава, у нашай краіне робяцца не тое што ненармальныя – зусім непрымальныя і жахлівыя рэчы. Мы не можам чакаць нармальнага існавання кнігі паводле законаў рынку – бо ўся наша культура існуе ў ненармальных умовах.

«Капітан Лятучая Рыба» – таксама кніжка пра ненармальнасць. Творчая ненармальнасць Мінца робіць у кнізе цуды, але гісторыя Алесі – яна і пра нармалізацыю Зла ў ненармальным свеце, дзе ніхто не можа цябе абараніць.

– А каб прапанавалі напісаць другую частку «Капітана»? Няма такой думкі?

– Другую частку прыгодніцкага рамана варта пісаць толькі тады, калі ад першай усе ў захапленні і патрабуюць працягу. А тут…

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Слухай, кніжка фактычна толькі што выйшла. Месяц – гэта зусім мала, каб ацаніць, наколькі яна да душы чытачу.

«Той, хто чытае кніжку – ужо не самотны»

– Андрэй Хадановіч, якога ты ўжо згадаў, прыгожа казаў пра «тэрапеўтычнае вымярэнне» «Капітана». Але галоўная бяда сучасных падлеткаў – самота, якая ў эміграцыі перажываецца яшчэ вастрэй. Алеся, па сутнасці, таксама застаецца самотніцай, не? Тады парада ад аўтара «Капітана»: што рабіць з гэтай самай самотай?

– Вучыць замежныя мовы. Гэта абавязкова. Бо толькі так можна знайсці сяброў там, дзе ты апынуўся. І толькі так можна зразумець краіну, у якой жывеш.

А яшчэ – чытаць кніжкі. Той, хто чытае кніжку – ужо не самотны, і здольны супрацьстаяць любому выкліку.

І ўрэшце, калі ўжо я ўзяўся даваць парады: нічога не баяцца. Калі маеш мэту – баяцца няма калі. А мэту для сябе можна паставіць, толькі калі ты разумееш свет і чытаеш добрыя кнігі.

– Сяргей Дубавец выказаў здагадку, што Бахарэвіч хацеў напісаць кнігу, «якая стане на адну паліцу з абавязковай праграмай чытання для падлеткаў (і дарослых таксама)…» Што ты на гэта?

– Мо «Капітан» і стане на тую паліцу… У нейкай іншай Беларусі.

Ведаеш, «абавязковая праграма чытання» зазвычай складаецца, на жаль, не чытачамі, а чыноўнікамі. Туды можа трапіць што заўгодна. А мэта ў пісьменніка мае быць адна – пісаць добрыя кнігі.

«Калі беларусы ідуць паслухаць чужых мудрацоў – гэта і ёсць наш масавы «ыбыбык»

– Адно з самых для мяне балючых месцаў «Капітана» – гэта калі адзін з персанажаў, Леакадзія, пачынае высмоктваць у нашых герояў мову, і тыя пачынаюць ыбыбыкаць. Што яна ўвасабляе ў рамане, гэтая Леакадзія? І што рабіць, каб усім нам не прыйшоў «ыбыбык»?

– Калі я скажу, што Леакадзія ўвасабляе сабой тую самую Імперыю, якая крадзе ў нас творчую, стваральную сілу – гэта прагучыць занадта «па-даросламу», праўда? Але так яно і ёсць. Імперыя – ключ да большасці тых падзей, што адбываюцца ў Еўропе цяпер. Важна супрацьстаяць імперыі на ўсіх узроўнях. Жыццёва важна цаніць Сваё. Замест таго, каб абіраць імперскую літаратуру, імперскае мастацтва, замест таго каб слухаць імперскую музыку, захапляцца імперскімі аўтарытэтамі… Бо інакш нам і праўда ўсім ыбыбык.

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Калі людзі паміж сваім і імперскім абіраюць імперыю, бо ім здаецца, што толькі там і праўда можна знайсці маштабнасць і талент – яны забываюць, што розум і талент імперыі часцей за ўсё скрадзеныя ў паняволеных ёй народаў. Калі беларусы натоўпам ідуць паслухаць чужых мудрацоў, бо тыя гавораць «на нормальном языке», належаць да «вялікай культуры» і зараз раскажуць, што нам рабіць, – значыць, гэта і ёсць наш масавы ыбыбык.

– Дык урэшце: Альгерд Бахарэвіч – гэта Файка, Валізка ці Палітон?..

– Не, я зусім не такі смелы і прыгожы, значна менш дасціпны і дакладна – не настолькі балбатлівы.

– З Дэйвідам Боўі, без чыйго «Стармэну» лепей і не пачынаць чытаць кніжку, і Лявонам Вольскім, чые малюнкі так спрытна ляглі на твой тэкст, усё ясна. А што слухае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч цяпер? І галоўнае – што піша?

– Мне вельмі падабаецца беларускі гурт «Сіндром самазванца». Які, дарэчы, зрабіў файны кавер на песню майго колішняга гурта, «Шэф у гістэрыцы». Але я люблю іх не толькі за гэта.

А працую я над кнігай, умоўная назва якой «Запісы» – гэта вельмі кароткая проза, падобная ці то да дзённіка, ці то да нататак вар’ята. Хоць насамрэч нашае з Юляй жыццё апошнія гады – гэта бясконцыя выступы ў розных краінах і на розных сцэнах. Іх вельмі шмат, і ў асноўным гэта імпрэзы для замежнай аўдыторыі.

У лютым выйшаў нямецкі пераклад маіх «Сабакаў Еўропы» – публікуюцца рэцэнзіі, прыходзіць шмат запрашэнняў прэзентаваць раман, часу на працу не так шмат, як хацелася б.

Калі скончыцца час Калі-Югі…

– Добра, апошняе пытанне я проста краду з апошняга сказу «Капітана…»: калі скончыцца час Калі-Югі?..

– Мне падабаецца гэтае пытанне. Звычайна ў мяне пытаюцца, калі скончыцца час Лукашэнкі. А што да Калі-Югі… Дарэчы, некаторыя лічаць, што яна ўжо даўно прамінула. Ды толькі свет усё роўна працягвае ліхаманіць. Відаць, інакш нашая цывілізацыя не ўмее. 

Застаецца абапірацца толькі на сябе і імкнуцца «пражыць адведзеныя нам дні ў годнасці і прытомнасці, што б ні прыдумлялі надзеленыя ўладай блазны і крыважэрцы».

– Будзьма ў прытомнасці! Дзякуй вялізны!

– Табе дзякуй за цікавыя пытанні!

Размаўляў Зміцер Міраш belsat.eu