Кіраўнікі МЗС краінаў «Вышэградскай чацвёркі» не дасягнулі пагаднення ў поглядах на вайсковую дапамогу Украіне. Прага і Варшава лічаць неабходным яе ўзмацніць, Будапэшт і Браціслава выступаюць супраць, перадае DW.
Сустрэча міністраў замежных справаў «Вышэградскай чацвёркі» прайшла ў Празе 21 сакавіка. Кіраўнік чэшскай дыпламатыі Ян Ліпаўскі заявіў, што ў інтарэсах усяго рэгіёну, каб расейская армія заставалася як мага далей ад яго межаў. Ён нагадаў, што да чэшскай ініцыятывы купіць для Украіны боепрыпасы з краінаў па-за межамі ЕЗ далучыліся 18 еўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку Польшча. Яго падтрымаў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі.
Але кіраўнікі МЗС Вугоршчыны і Славаччыны Петэр Сіярта і Юрай Бланар заявілі, што іхныя краіны не будуць пастаўляць зброі Украіне. Бланар заявіў, што канфлікт ва Украіне «не мае ваеннага развязання». Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Славаччына моцна залежыць ад паставак газу і ядравага паліва з Расеі.
Сіярта падкрэсліў, што Вугоршчына «не пастаўляла і не будзе пастаўляць ні адной зброі Украіне». Ён назваў небяспечнымі заявы пра магчымы ўвод замежных вайсковых кантынгентаў ва Украіну.
Ася Саковіч belsat.eu