Марк Твэн, будучы Папа. ТОП-5 вайскоўцаў-дэзерціраў, якім ёсць чым ганарыцца


Польская пракуратура распачала расследаванне па факце дэзерцірства польскага вайскоўца ў Беларусь. У Беларусі былы жаўнер 11-га артылерыйскага палка Эміль Чэчка стаў прыладай лукашэнкаўскай прапаганды і адзначыўся вельмі дзіўнымі заявамі.

Hавiны
«Смажыў каўбасу на вогнішчы». БТ паказала дзіўны фрагмент размовы з польскім дэзерцірам
2021.12.17 16:31

Аднак малаверагодна, што спадару Чэчцы з ягонымі неверагоднымі аповедамі і сумнеўным маральным бэкграўндам атрымаецца прыцягнуць колькі-небудзь заўважную ўвагу беларускай ці міжнароднай супольнасці.

Таму мы прапануем вам пяць прыкладаў людзей, якія хутчэй былі ягонымі антыподамі – самых вядомых і незвычайных людзей, якія самавольна пакінулі службу ў сваіх арміях.

Дэзерцірства як літаратурны сюжэт

Малады амерыканец Сэмуэль Клеменс паспеў павандраваць па ЗША, але ў пачатку Грамадзянскай вайны апынуўся ў сваім родным штаце Місуры. Гэта быў памежны штат паміж Поўднем і Поўначчу, але ўрад штата ў цэлым схіляўся да аддзялення ад ЗША і далучэння да Канфедэрацыі.

У гэтыя неспакойныя часы Клеменс далучыўся да аднаго з канфедэрацкіх ваенных фарміраванняў, аднак праслужыў там усяго толькі два тыдні – і дэзертаваў разам са сваімі сябрамі.

Палонныя з арміі Канфедэрацыі. Фота D. F. Brandon

Ён апісваў гэта так:

«Нас папярэдзілі, што супраць нас ідзе палкоўнік ЗША з усім палком. Гэта выглядала вельмі сур’ёзна. Нашы хлопцы адышлі і параіліся, потым мы вярнуліся і сказалі іншым, што вайна нас расчаравала, і мы разыходзімся».

Клеменс больш ніяк не ваяваў, а потым апісаў гэтую гісторыю ў аповедзе «Прыватная гісторыя няўдалага паходу». Зараз мы ведаем гэтага дэзерціра пад псеўданімам Марк Твэн.

Будучы Папа

Ёсць вядомая показка пра тое, як падчас вайны нямецкі жаўнер гоніцца за палякам. Паляк памаліўся да Бога і папрасіў выратавання. Бог звярнуўся да немца: «Не чапай яго, гэты паляк будзе будучым Папам Рымскім». Немец спыніўся і кажа: «Божа, а як жа я?» – «Ну ладна, а ты будзеш Папам пасля яго».

Язэп Ратцынгер у форме дапаможнай службы Люфтвафэ. Крыніца Cassowary Colorizations

На самой справе наступным пасля Яна Паўла ІІ рымскім пантыфікам быў немец Бенэдыкт XVI, але ён ніколі не ганяўся за палякамі. У 1943 годзе, калі Язэпу Ратцынгеру было 16 год, ён паступіў у на вайсковую службу зенітчыкам і ніколі ў вайсковай форме не пакідаў тэрыторыі Нямеччыны. Ён быў знаходзіўся ў апазіцыі нацыстам, ідэалогія якіх супярэчыла каталіцызму, і ўжо збіраўся паступаць у семінарыю.

Вясной 1945 годзе, калі крах нацызму стаў відавочным, Язэп Ратцынгер і ягоныя аднагодкі проста разышліся па бацькоўскіх хатах. Затым былі семінарыя, карʼера ў Касцёле, шмат год сяброўства і шчыльнай супрацы з папам-палякам.

Дэзерцір, які заслужыў ордэн

Вышэйшай ваеннай узнагародай ЗША зʼяўляецца Медаль Пашаны. Узнагароджанне медалём адбываецца за «выдатныя адвагу і смеласць, праяўленыя з рызыкай для жыцця і перавышаюць абавязак службы». Аднак часам нават такія ўзнагароды не кампенсуюць прагу да прыгодаў і вольнага жыцця па-за межамі вайсковай дысцыпліны.

Летам 1871 года амерыканскія ваенныя караблі каля берагоў Карэі былі знянацку абстраляны з карэйскіх фортаў, што выклікала ў адказ амерыканскую ваенную экспедыцыю – 650 амерыканскіх маракоў і марскіх пехацінцаў захапілі карэйскія ўмацаванні, захапілі гарматы, палонных і штандарты.

Трафейны карэйскі сцяг і амерыканцы, якія яго захапілі. Справа – Чарльз Браўн. Крыніца – National Archives and Records Administration

Удзельнічаў у захопе карэйскага вайсковага штандарту звычайны марскі пехацінец Чарльз Браўн, які нарадзіўся ў Нʼю-Ёрку ў 1849 годзе, але запісаўся ў марскую пяхоту, калі прыйшоў на амерыканскі карабель у Ганконгу за год да гэтых падзеяў.

У 1872 годзе яму ўжо падпісалі дакументы на атрыманне Медаля Пашаны, але Браўн, відаць, не атрымаў яго, бо… збег ад службы ў кастрычніку 1871 года. Далейшы лёс героя невядомы.

Сын фельдмаршала

Манфрэд Ромель быў адзіным сынам знакамітага фельдмаршала вермахта Эрвіна Ромеля. Ён быў тыповым нямецкім падлеткам, які захапляўся ідэямі нацыянальнага гонару, ваеннай славы і службай у войску, нічога не ведаючы пра злачынствы нацыстаў.

У 1943 годзе, калі яму было 14 год, ён запісаўся ў зенітчыкі. Ён нават думаў пайсці служыць у франтавыя часткі войскаў СС, аднак бацька забараніў яму гэта. Справа ў тым, што фельдмаршал Эрвін Ромель быў блізкі да шэрагаў вайскоўцаў-нацыяналістаў, якія планавалі ў краіне пераварот, каб адсунуць Гітлера і нацыстаў ад улады.

Манфрэд Ромель у 2004 годзе

У ліпені 1944 года спроба нямецкіх афіцэраў забіць Гітлера скончылася няўдачай, па ўсёй краіне пачаліся крывавыя чысткі. Манфрэд Ромель прысутнічаў у доме сваіх бацькоў, калі афіцэры СС перадалі фельдмаршалу прапанову – пераслед сямʼі, катаванні і смяротнае пакаранне за ўдзел у змове ці самазабойства. Эрвін Ромель абраў апошняе.

Вясной 1945 года Манфред Ромель дэзэртаваў са службы і патрапіў у палон да французаў.

Пасля вайны ён зробіць выдатную палітычную карʼеру ў Хрысціянска-дэмакратычным саюзе і стане адным з самых папулярных мэраў у краіне – з 1974 па 1996 год гады ён будзе ўзначальваць горад Штутгарт. У ягоны гонар названы шосты па вялічыне нямецкі аэрапорт, які знаходзіцца ў гэтым горадзе.

Ад камуністаў – на свабоду

У 1961 годзе камуністычная Германская Дэмакратычная Рэспубліка перажывала востры крызіс – прыкладна за 10 год ужо 3,5 мільёна яе жыхароў (кожны пяты ўсходні немец!) перабеглі ў заходнюю Федэратыўную Рэспубліку Германію. Простыя забароны і абмежаванні, нават калючы дрот, дапамагалі слаба – асабліва ў Берліне.

Беглі ад дабротаў камунізму найперш маладыя і добра адукаваныя, што было вельмі нявыгадна для ГДР. У выніку ноччу 13 жніўня 1961 года паліцыя і вайсковыя часткі ГДР зачынілі мяжу і пачалі будаўніцтва мура проста праз увесь горад. Розныя перашкоды і пабудовы працягнуліся на 155 кіламетраў – мур з бетону, калючы дрот, равы, дрот з падключаным электрычным токам, вышкі для вартавых, бункеры.

У гэты час, пакуль мур яшчэ не дабудавалі, усходненямецкі памежнік Конрад Шуман пераскочыў праз калючы дрот і збег у Заходнюю Нямеччыну. І адразу стаў знакамітым, бо сам момант ягонага дэзерцірства трапіў на фотаплёнку.

Сусветную вядомасць атрымалі фота ўчынку Конрада Шумана. Крыніца The Central Intelligence Agency

Ужо пасля пабудовы праз мяжу паспрабавалі збегчы ў ФРГ больш за 100.000 немцаў – і ў 5.000 з іх гэта атрымалася. Загінулі пры спробе вызваліцца з камуністычнага «раю» ня менш за 136 чалавек.

Вольны рух праз мур быў адчынены ў 1989 годзе, калі пачалі валіцца ўсе камуністычныя рэжымы ва Ўсходняй Еўропе.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў