Як паведаміў Белстат, сёлета ў студзені – кастрычніку ў краіне пабудавалі 32,2 тысячы кватэраў, што на 11 % меней, чым было летась. Таксама скараціўся агульны аб’ём жытла, што ўвялі ў эксплуатацыю. На гэтым фоне колькасць угодаў на рынку нерухомасці б’е рэкорды.
Тэмпы жыллёвага будаўніцтва скарачаюцца ў Беларусі другі год запар.
У студзені – кастрычніку сёлета ў эксплуатацыю ўвялі амаль 3 млн квадратных метраў жытла, змяншэнне год да года – 6 %.
Паводле падлікаў Белстату, за дзесяць месяцаў у краіне пабудавалі 32,2 тысячы кватэраў, што на 11 % меней, чымся за такі ж перыяд летась.
Жытло будуюць збольшага ў гарадах. У сельскіх паселішчах уведзена ў эксплуатацыю 988,6 тысячы квадратных метраў. Гэта 33,2 % ад агульнага паказніка.
Статыстычны камітэт таксама паведаміў, што амаль 40 % пабудаванага ў студзені – кастрычніку жытла – для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.
Раней Савет Міністраў планаваў, што ў 2023 годзе ў Беларусі ўвядуць у эксплуатацыю 4,3 млн квадратных метраў жытла.
Пры гэтым на рынку нерухомасці на фоне скарачэння аб’ёмаў будаўніцтва адбыўся сапраўдны бум. Беларусы кінуліся набываць кватэры ў выніку росту прыбыткаў і паніжэння крэдытных ставак. Толькі ў Менску апошнія тры месяцы колькасць угодаў з нерухомасцю (у тым ліку з пакоямі і долямі) дасягае 2 тысячаў штомесяц. Летась у сярэднім было блізу 1200 дамоваў.
Як кажуць рыэлтары, у Менску амаль не засталося новабудоўляў за адэкватныя цэны. Кошт $ 2000 за квадратны метр – ужо не дзіва.
Раней эканамістка Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» адзначала, што браць доўгатэрміновыя крэдыты ў Беларусі – справа небяспечная, бо сітуацыя ў эканоміцы даволі крохкая. Дзеянні ўраду ў Менску і праблемы ў галоўнага хаўрусніка, Расеі, могуць прывесці да крызісу з дэвальвацыяй і ростам беспрацоўя і інфляцыі, папярэджвала экспертка.
Сцяпан Кубік belsat.eu