Аднаўленне санкцыяў ЗША супраць беларускай нафтахімічнай галіны можа паўплываць на жаданне кампаніяў з іншых краін супрацоўнічаць з дзяржпрадпрыемствамі Беларусі. Пра гэта ў каментары belsat.eu заявіў навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль.
Эксперт адзначыў, што санкцыі, па-першае, будуць ускладняць працу беларускіх кампаніяў на рынку ЗША, а, па-другое, стануць сігналам для іншых контрагентаў, якія б хацелі супрацоўнічаць з гэтымі прадпрыемствамі.
«Паколькі санкцыі ўводзяць самыя ЗША, яны могуць увесці забароны на аперацыі з доларам і гэтак далей. Гэта стварае сігнал для іншых кампаніяў, якія б хацелі працаваць з беларускімі прадпрыемствамі. І ў гэтым самы галоўны ўдар. Не тое, што ім забароняць працаваць на амерыканскім рынку, хоць гэта і істотна адаб’ецца на іх эканамічных паказніках. Большы эфект усё ж ад таго, што яны робяцца таксічнымі для іншых контрагентаў», – заявіў Алег Мазоль.
Найперш з беларускімі кампаніямі нафтахімічнай галіны працавалі Вялікая Брытанія і Нідэрланды.
«Ускладненне працы на гэтых рынках і абмяжуе прыток дадатковых грашовых сродкаў», – падкрэсліў эканаміст.
19 красавіка Міністэрства фінансаў ЗША адклікала генеральную ліцэнзію, якая прыпыняла санкцыі ў дачыненні дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.
Паводле пастановы Мінфіну ЗША з 3 чэрвеня 2021 ЗША аднаўляюць санкцыі ў дачыненні беларускіх прадпрыемстваў. У чорны спіс Злучаных Штатаў уключаныя «Беларускі Дом гандлю нафтай», «Белнафтахім», «Белнафтахім ЗША, Inc», ААТ «Белшына», ААТ «Горадня Азот», ААТ «Горадня Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан», ААТ «Полацк Шкловалакно».
МГ belsat.eu