Палітзняволены журналіст Ігар Лосік, магчыма, спрабаваў забіць сябе ў калоніі


Палітзняволены Ігар Лосік здзейсніў спробу суіцыду ў калоніі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Пацверджання гэтай інфармацыі ад адваката і родных Ігара няма. Паводле радыё «Свабода», 10 дзён таму, 10 сакавіка, адвакату не дазволілі сустрэцца з Ігарам у калоніі.

Ігар Лосік.
Фота: радыё «Свабода»

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю з некалькіх крыніцаў пра тое, што Ігар Лосік у ШІЗА наваполацкай калоніі доўгі час трымаў галадаванне, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Палітычнага вязня ўратавалі і адправілі ў медсанчастку.

Бацькі і адвакат едуць у калонію

Радыё «Свабода» паведамляе, што адвакат і бацька Ігара Лосіка збіраюцца тэрмінова ехаць у калонію.

Таксама паведамляюць, што 10 сакавіка адвакату не дазволілі сустрэцца з падабаронным, бо той нібыта не напісаў адпаведнай заявы. Адвакату паведамілі, што палітвязень працуе, з ім усё ў парадку, яму перададуць, каб пісаў лісты бацькам. Але бацькі ўжо месяц не атрымліваюць лістоў ад сына.

Журналіста і блогера Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. 14 снежня 2021-га яго засудзілі на 15 гадоў зняволення калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 КК («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах») і ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»). У чэрвені 2022 года палітвязня этапавалі з СІЗА № 3 у Наваполацкую калонію № 1.

28 чэрвеня 2022 года КДБ залучыў Лосіка ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», а МУС 4 лістапада 2022 года – у пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

18 кастрычніка затрымалі жонка палітвязня Дар’ю. У студзені 2023 года ёй прысудзілі 2 гады калоніі. На маёмасць сямʼі Лосікаў у ліпені 2022-га наклалі арышт.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў