news
Рэпартаж

«Маглі з беларускімі памежнікамі закурыць цыгарэту». Як жыве польскае памежжа з буфернай зонай

Людзям не страшна, але сумна, што стасункі з беларусамі сапсаваў міграцыйны крызіс.
20.06.202405:44

Жыхары польскага памежжа засмучаныя тым, што да іх стала прыязджаць менш турыстаў, але адчуваюць сябе ў бяспецы, а ля самой мяжы назбіраліся прадметы, з дапамогай якіх мігранты прабіраюцца ў Польшчу з Беларусі. «Белсат» даведаўся, што адбываецца на польска-беларускай мяжы пасля ўвядзення буфернай зоны, што там думаюць пра беларусаў і навошта ў польскім плоце дзверы ў Беларусь.

Слуп каля плоту на мяжы Польшчы і Беларусі. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Польшча, абараняючыся ад нерэгулярных мігрантаў, якія ідуць з боку Беларусі, увяла буферную зону на мяжы 13 чэрвеня. Яна праходзіць уздоўж 60,67 кіламетра беларуска-польскай мяжы і ідзе ўглыб Польшчы на 0,2–2 км. Там нельга заставацца без спецыяльнага дазволу памежнай службы Польшчы. Атрымаць яго могуць журналісты і прадстаўнікі арганізацыяў, якія дапамагаюць мігрантам у бядзе.

«Ясна, чаму Польшча захацела пабудаваць сцяну»

«Белсат» атрымаў дазвол і адправіўся ў бок Беларусі. Яшчэ ў Беластоку ўсё выглядае звычайна, але чым бліжэй да мяжы, тым больш робіцца ясна, што жыццё тут сталася трохі іншым. На пад’ездзе да Гайнаўкі можна заўважыць вайсковыя машыны. У горадзе іх мільгае столькі, што ў нейкі момант збіваешся з рахунку – каля 10 налічылася дакладна. Тут і спецыяльныя невялікія аўтамабілі, якімі можна ездзіць па лесе, дзе не пройдзе машына звычайных памераў, і вайсковыя цяжкавікі.

Турысты ў вёсцы Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

У турыстычнай Белавежы, што на мяжы, пуста, ціха і спакойна. Усё ж знаходзім чалавека, які прыехаў убачыць унікальнае месца ў Еўропе – Белавежскі нацыянальны парк. Гэта Зэбаст’ян з Нямеччыны. Ён у Белавежы першы дзень, а плануе правесці тут 3-4 дні. Аб праблеме з міграцыяй мужчына чуў:

«Без вялікіх падрабязнасцяў, але чытаў і табліцы, што нельга ісці на мяжу цяпер».

Суразмоўца кажа, што адчувае сябе бяспечна ў гэтым месцы. Міграцыйны крызіс ён называе цэлым комплексам праблемаў:

«Я не магу сказаць, што мігранты добрыя або дрэнныя. Мы маем шматслаёвую праблему, і нам патрэбныя адпаведныя рашэнні. Мы павінны глядзець індывідуальна на розныя выпадкі. Ясна, чаму Польшча захацела пабудаваць сцяну на мяжы з Беларуссю, але гэта праблема для жывёлы. Зубры больш не могуць пераходзіць мяжы. Для дзікай прыроды гэта сумна, але з пункту гледжання людзей зразумела».

У цэнтры бачым крамку, дзе прадаюць сувеніры і традыцыйныя польскія пачастункі. Там працуе Ганна, яна з Беларусі.

Турысты разглядаюць сувеніры. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

«Калі зʼявілася буферная зона, турыстаў стала вельмі мала. Гэта напалохала людзей. Заўсёды па-рознаму ішоў гандаль, але значна менш людзей», – кажа яна.

Ніякай небяспекі жанчына не адчувае і да захадаў для аховы мяжы ставіцца з разуменнем:

«Нехта мусіць абараняць мяжу. У нас мігрантаў не відаць, дзесьці ў лесе іх ловяць, а тут вельмі спакойна, таму хай прыязджае больш турыстаў. На гэта спадзяёмся і мы, і мясцовыя рэстараны».

«Гэта чалавечыя трагедыі, але ў нас вельмі розныя культуры»

Сюды прыехаў і мужчына з Польшчы ў адпачынак. Кажа, выбраў гэтае месца, бо спакойнае. Аб праблеме з мігрантамі чуў, але думае, што пішуць пра гэта больш, чымся варта было б.

«Нічога не адбываецца», – азіраецца ён сярод парку і смяецца.

Пра плот на мяжы яму складана сфармуляваць нейкую думку:

«Памежная служба патрэбная, каб абараняць мяжу, а якімі спосабамі – мне не цікава».

Мясцовая жыхарка Марта мяркуе, што буферная зона – гэта добрае рашэнне, і гэтак яна адчувае сябе ў бяспецы. У зоне няма нічога страшнага, але гісторыя занадта разадзьмутая медыямі, паводле жанчыны. Ёй шкада, што турысты перасталі прыязджаць.

Вайсковы транспарт на вуліцах Белавежы, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

«Людзям здаецца, што тут усё закрыта і забаронена, але гэта ж толькі 200 метраў ля мяжы. Я не сутыкалася з хамствам або дрэнным стаўленнем памежнікаў і паліцыі, як гэта паказана ў фільме Агнешкі Голянд “Зялёная мяжа”», – кажа Марта.

Жанчына адзначае, што міграцыйны крызіс моцна пагоршыў стасункі паміж палякамі і беларусамі:

«Дачыненні маюць быць добрыя, суседскія, каб палітыка на іх не ўплывала. Раней у нас былі выдатныя стасункі. Вельмі шкада, што ўсё сапсавалася».

Да мігрантаў, якія ідуць з боку Беларусі, у жанчыны няма непрыязнасці, аднак міграцыйны крызіс ёй не падабаецца:

«Гэта чалавечыя трагедыі, але ў нас вельмі розныя культуры. Мы ўсе маем засяродзіцца на тым, каб дапамагчы гэтым людзям у іх удома. Тыя, хто крычаць, што трэба прымаць іх тут, хай возьмуць аднаго чалавека на тыдзень да сябе дадому і зразумеюць, што так жыць немагчыма».

Беларусь за плотам

На ўваходзе ў лес ля мяжы дзве жанчыны сядзяць у альтанцы, а ў лесе яшчэ адна – ідзе турыстычнаю сцежкаю, што праходзіць паралельна з мяжою. Мы ж ідзём бліжэй, куды цяпер амаль нікога не пускаюць. Прыкладна за 85 метраў да плоту на мяжы з Беларуссю працаўнікі памежнай службы Польшчы просяць спыніцца – далей нельга. Акрамя іх, тут бус з паліцыяй.

Знак, што забараняе праход каля мяжы Польшчы і Беларусі. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Адсюль відаць плот, за якім – Беларусь. Тут жа стаяць дзве драўляныя лесвіцы, часткі якіх злепленыя скотчам і пластыкавымі заціскамі. Выглядае не вельмі трывала, але для шматразовага карыстання яны і не прызначаныя. Гэта тое, што пакінулі мігранты, якія прабраліся на польскі бок. За плотам з польскага боку ёсць яшчэ загарода з калючага дроту. Адхіліўшы сценкі плоту, мігранты накідваюць лесвіцу на загароду і прабягаюць зверху. Яшчэ з прадметаў з Беларусі на зямлі засталася скрыначка ад нікацінавых вырабаў – можна паглядзець, хто імпарцёр у Менск.

Пакуль разглядаем абстаноўку на мяжы, пачынаецца нейкі шум ля плоту: праязджаюць два квадрацыклы, аднак затым усё сціхае. Падысці бліжэй або шпацыраваць тут нельга, таму пад наглядам памежнікаў вяртаемся назад.

Разбор
«На тысячу платоў ёсць дзве тысячы рашэнняў». Як мігранты ідуць у Еўропу праз Беларусь
2024.05.28 09:17

З пачатку года было больш за 19 тысяч спробаў нелегальна трапіць у Польшчу

Прадстаўнікі Падляскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы кажуць, што цяпер сітуацыя на мяжы праз міграцыйны крызіс абвастрылася: плынь мігрантаў апошнімі месяцамі расце.

«У пачатку гэтага года былі дні, у якія не было ніводнай спробы прайсці польскую мяжу, але апошнім часам – да 200 спробаў кожны дзень. З пачатку гэтага года такіх спробаў было больш за 19 тысячаў, а ў чэрвені ўжо каля 3 тысячаў», – адзначае старэйшы штабны харунжы Міхал Бура.

Старэйшы штабны харунжы Падляскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Міхал Бура. Беласток, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Часта гэтыя спробы спалучаныя з агрэсіяй і правакацыямі з боку мігрантаў. Бывае, адныя групы адмыслова прыцягваюць увагу памежнікаў, каб прайшлі іншыя.

«Выкарыстоўваюцца камяні, бярвенне, у бок польскіх памежнікаў ляцелі петарды і нават быў ужыты газ», – кажа Міхал Бура.

Таксама ў Польшчы толькі за першую палову 2024 года былі затрыманыя 200 памагатых нелегальнай міграцыі. Звычайна гэта замежнікі, сярод іх шмат украінцаў, працягвае суразмоўца.

Смерць польскага салдата на мяжы пасля нападу мігранта – трагедыя, якой баяліся, але разумелі, што рана ці позна так можа адбыцца, кажуць у Памежнай ахове.

«Мы бачылі і ведалі, з чым маем справу. Думаю, такая смерць салдата адкрыла таксама вочы тым, хто не бачыў, якую складаную службу мы нясём», – кажа службовец.

Раней маглі выкурыць з беларускімі памежнікамі па цыгарэце

Беларускі Дзяржаўны памежны камітэт неаднаразова абвінавачваў польскіх калегаў у жорсткім стаўленні да мігрантаў. Таксама быў выпадак, калі паведамлялася пра смерць аднаго з іх і нібыта работнікі Памежнай аховы Польшчы перанеслі цела на беларускі бок праз дзверы ў плоце.

Драбіны, якія выкарыстоўваліся мігрантамі, каб абмінуць плот на польска-беларускай мяжы. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Падобныя заявы непраўдзівыя, адзначае штаб-сяржант Падляскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Эвэліна Леўковіч. Аднак дзверы ў плоце сапраўды ёсць:

«У плоце пакінутыя тэхнічныя вароты. Яны патрэбныя для тэхнічных рэчаў. Напрыклад, кашэнне травы на другім баку, бо за плотам яшчэ кавалак зямлі належыць Польшчы.

Таксама мы маем справу з асобамі, якія не хочуць падавацца на міжнародную абарону ў Польшчы. Іх праводзяць да дзвярэй, каб яны маглі вярнуцца ў краіну, у якую трапілі легальна. У данай сітуацыі гэта Беларусь».

Акрамя таго, з пачатку міграцыйнага крызісу памежная служба Польшчы вылучыла 4 мільёны злотых на медычную дапамогу мігрантам. Таксама там падзяляюць мігрантаў і ўцекачоў.

Штаб-сяржант Эвэліна Леўковіч, Падляскі аддзел Памежнай аховы Польшчы. Беласток, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

«Розніца паміж мігрантамі і ўцекачамі значная. Мы маем прыклад уцекачоў з Украіны. Гэта асобы, якія бягуць ад вайны ў першую бяспечную краіну. Мы ёсць гэтаю бяспечнаю краінаю. Мігранты – гэта асобы, якія эмігруюць у іншыя краіны. У Польшчы сёлета мы ўжо мелі справу з людзьмі з 38 краінаў свету, а летась – з 55 краінаў», – адзначае Эвэліна Леўковіч.

«На жаль, сітуацыя на мяжы з пачатку міграцыйнага крызісу вельмі моцна змянілася. Раней мы добра супрацоўнічалі з беларускімі службамі. Мяжа была абароненая як намі, гэтак і памежнікамі Беларусі. Мы маглі разам закурыць цыгарэту на мяжы – усё было нармальна. На жаль, цяпер мы ведаем, што ля мяжы застаюцца людзі са згоды, а часта і з дапамогаю беларускіх службаў.

Мы вельмі добра ставіліся і да грамадзянаў Беларусі і Расеі. Гэта былі, можна сказаць, нашыя сябры. Так здарылася, што сёння пераходы зачыненыя, але я спадзяюся, гэты час скончыцца», – заключае Міхал Бура.

Аналітыка
«Лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма». Чаму мігранты ідуць праз Беларусь, нягледзячы на небяспеку
2021.11.08 15:20

Арсен Рудэнка belsat.eu