Максімум за два гады прадпрыемствы Беларусі забудуць пра лагістычныя праблемы, выкліканыя заходнімі санкцыямі. Пра гэта ў эфіры СТВ заявіў пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой.
Дыпламат адзначыў, што з прычыны санкцыяў беларускім кампаніям давялося пераарыентаваць пастаўкі больш за 10 млн тон грузаў. Асноўным рынкам для іх стала Расея, доля якой у замежным гандлі перавысіла 60 %. Цяпер жа ставіцца задача павялічыць пастаўкі беларускай прадукцыі ў краіны Афрыкі, Азіі ды Лацінскай Амерыкі, але гэта патрабуе сур’ёзнай перабудовы лагістычных ланцужкоў.
Нават тыя кампаніі, якія не трапілі пад санкцыі, таксама маюць праблемы з пастаўкамі сваёй прадукцыі заходнім шляхам.
«Таму адказ адзіны: ісці на Усход, шукаць новыя маршруты. Мы тут ужо правялі вельмі вялікую працу», – сказаў Дзмітрый Крутой.
Паводле яго, калі гэтую працу будуць весці гэтак жа эфектыўна, Беларусь за два гады цалкам перабудуе экспартную лагістыку.
Якуб Хруст belsat.eu