Яму не давалі спаць тры ночы і прымушалі стоячы глядзець відэа з выступамі Лукашэнкі, паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, жыхара Вязынкі затрымалі ў лютым у першыя дні пасля рэферэндуму. Яго асудзілі на 13 содняў арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП).
Арышт хлопец адбываў у маладзечанскім ІЧУ. Першыя тры дні яго трымалі ў «стакане», а тры ночы запар з 20:00 да 6:00 хлопца выводзілі ў спецыяльны кабінет. Там некалькі гадзінаў яму паказвалі відэа з выступамі Лукашэнкі, а ён павінен быў увесь час стаяць і глядзець. Пры гэтым прысутнічалі і міліцыянты, якія кантралявалі працэс. Але яны мяняліся, каб паспаць.
Перадачы арыштаванаму аддалі ўжо амаль перад самым вызваленнем, калі ў камеру зайшоў начальнік ІЧУ і здзівіўся, чаму ў арыштантаў нічога няма. Тады ім прынеслі тры перадачы ад сваякоў. У палітычнай камеры было вельмі холадна.
Марыя Мурашка, belsat.eu