Мантас Данелюс пахваліўся журналістам, што даўно знаёмы з прапагандысткай Ксеніяй Лебедзевай, якую назваў палкоўніцай інфармацыйнай службы КДБ.
Выданне «Наша ніва» расказала пра дзіўную дзейнасць літоўскага юрыста Мантаса Данелюса – ён укараняўся ў беларускія арганізацыі, знаёміўся з бізнесоўцамі і актывістамі, збіраў інфармацыю і перадаваў лукашэнкаўскай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай. Данелюс сам прызнаўся журналістам, што Лебедзева – супрацоўніца Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
Паводле «Нашай нівы», Данелюс у якасці бізнес-кансультанта знаёміцца з беларусамі, ладзіць лекцыі па тым, як адкрыць сваю справу і прапануе юрыдычную дапамогу. Нейкі час ён дапамагаў арганізацыі «Наш дом» Вольгі Карач, таксама кансультаваў арганізацыю «Дапамога» Наталлі Калегавай, сцвярджае «Наша ніва».
Пасля таго, як Данелюс здабывае давер беларусаў, ён робіць відэа і скрыншоты перапісак, сістэматычна перасылае іх Лебедзевай, а таксама выступае на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» у якасці літоўскага юрыста.
Некалькі беларусаў, якія сутыкнуліся з гэтым, падалі заявы на Данелюса ў літоўскую паліцыю (у 2011 годзе аддзел расследавання эканамічных злачынстваў выносіў яму папярэджанне, але за што, незразумела). Адзін з тых, каму «дапамагаў» Данелюс, былы баец батальёна Каліноўскага Віктар Савіч, якога літоўскі юрыст угаварыў запісаць інтэрв’ю «для амбасады ЗША» – відэа затым выйшла на БТ.
Данелюс расказаў «Нашай ніве», што пазнаёміўся з Лебедзевай даўно, дапамагаў ёй «выконваць абавязкі журналіста» і што «гэта больш падобна да сімпатыі мужчыны да жанчыны, чым да супрацы». Ён адзначыў, што мае з ёй агульны знак задыяку і што яна прыняла іслам, а ён мае шмат сяброў-мусульманаў; назваў Лебедзеву «фатальнай жанчынай», «Чорнай архідэяй».
Таксама ён расказаў, што Лебедзева – палкоўнік інфармацыйнай службы КДБ і што сама яна расказвала яму: «ўсе зоркі службы навін Беларускага дзяржтэлерадыё адначасова дзейныя супрацоўнікі КДБ».
Праблемы ў сваёй супрацы з КДБ ён не бачыць, бо «Літва не знаходзіцца ў стане вайны з Беларуссю» і бо ён не перадае дзяржаўныя сакрэты.
Алесь Наваборскі belsat.eu