Еўразвяз вырашыў не скасоўваць санкцыі супраць калійных угнаенняў з Беларусі. Інфармацыйнае агенцтва PAP паведамляе, што інфармацыю публічна пацвердзіў сталы прадстаўнік Польшчы ў ЕЗ Анджэй Садось. Тым часам беларускі рэжым спадзяецца вярнуцца да дасанкцыйных аб’ёмаў паставак ужо сёлета.
PAP паведамляе, што ў інтэрв’ю агенцыі інфармацыю публічна пацвердзіў сталы прадстаўнік Польшчы ў ЕЗ Анджэй Садось. У прыватнасці, Садось сказаў, што сталыя прадстаўнікі краінаў-чальцоў ЕЗ ухвалілі праект рашэння аб увядзенні сектаральных і персанальных санкцыяў у дачыненні да Беларусі, і там няма ніякіх адступленняў адносна ўгнаенняў.
«Упершыню за год удалося выйсці з тупіку з беларускімі санкцыямі. У рашэнні няма адступленняў па ўгнаеннях, а гэта значыць, што яны па-ранейшаму знаходзяцца пад санкцыямі ЕЗ. Мы ўвялі сектаральныя санкцыі, у тым ліку на прадукцыю вайсковага прызначэння, зброю, боепрыпасы, прадметы падвойнага прызначэння, аэракасмічныя тэхналогіі і вырабы. Пад санкцыі трапілі і ўсе тыя, хто датычны да вынясення прысуду Анджэю Пачобуту», – сказаў PAP амбасадар Анджэй Садось.
Раней паведамлялася, што ЕЗ рыхтуе новы пакет санкцыяў да гадавіны выбараў 2020 года ў Беларусі. Паводле высокапастаўленых прадстаўнікоў Еўразвязу, краіны ЕЗ да 9 жніўня могуць прыняць чарговыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў краіне. Акрамя таго, у Бруселі абмяркоўваюць яшчэ адзін пакет санкцыяў, звязаны з саўдзелам Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Еўразвяз ужо ўвёў шэсць пакетаў санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі. Афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ў ЕЗ не прызналі.
Тым часам у Менску з удзелам Аляксандра Лукашэнку 18 ліпеня адбылася нарада па калійнаму пытанню. Пасля нарады першы віцэ-прэмʼер РБ Мікалай Снапкоў прызнаў значны ўплыў санкцый. Так, паводле віцэ-прэм’ера, шматкроць падаражэла лагістыка паставак – «ад двух да пяці разоў – тое, што датычыцца перавалкі. Адпаведна тое, што датычыцца павялічанага чыгуначнага шляху, – гэта таксама прыкладна ў 2-2,5 разы».
Апроч таго, з-за санкцыйнага ціску Беларусь страціла 5,5 млн т з 9-10 млн т ад свайго гадавога абʼёму паставак калійных угнаенняў на знешнія рынкі. Рэшта ў абʼёме 4,5 млн т пастаўляецца на рынкі так званых дружалюбных да рэжыму краін.
Не гледзячы на санкцыі, Снапкоў распавёў пра планы падвоіць экспарт калійных угнаенняў у 2023 годзе.
«Мы сёлета будзем везці 8 млн т, гэта значыць фактычна ў два разы больш калію на дружалюбныя рынкі, замяшчаючы страчаныя рынкі недружалюбных краін», – сказаў Мікалай Снапкоў.
Ён таксама зазначыў, што беларуская кампанія сёння другая ў свеце па абʼёмах вытворчасці калійных угнаенняў. На першай і трэцяй пазіцыях – канадскія кампаніі.
Антон Тачняк belsat.eu