Злучаныя Штаты не маюць дачынення да якой-небудзь змовы з мэтай ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта заявіў карэспандэнту ТАСС афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартаменту.
«Мы бачылі паведамленні ў дзяржаўных медыях Расеі пра меркаваную змову супраць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама яго непасрэдныя сцвярджэння пра гэта ў медыях. Любая здагадка аб тым, што ўрад ЗША стаяў за гэтым ці быў уцягнуты ў спробу забойства Лукашэнка, з’яўляецца абсалютна ілжывай», – сцвярджаў ён.
Каментуючы затрыманне грамадзяніна ЗША і Беларусі Юрася Зянковіча, прадстаўнік Дзярждэпартаменту заявіў, што Вашынгтон гатовы аказаць яму консульскую дапамогу.
17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што затрыманыя ў Беларусі і Расеі беларускія апазіцыйныя палітыкі Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў і Юрась Зянковіч нібыта рыхтавалі з дапамогай амерыканскіх спецслужбаў дзяржаўны пераварот і замах на самога Лукашэнку. Гэтыя звесткі затым пацвердзілі ў КДБ Беларусі ды ФСБ Расеі.
МГ belsat.eu