Начальнік аддзелу следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканалу ОНТ распавёў новыя дэталі справы пра нібыта «замах» на Аляксандра Лукашэнку.
Канстанцін Бычак заявіў, што аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваліся больш за 6 месяцаў. Паводле яго, гэта адбывалася падрыхтоўка дзяржаўнага перавароту.
Прадстаўнік КДБ заявіў, што Юрась Зянковіч быў звязаны са спецслужбамі ЗША і ажыццяўляў у Беларусі пошук, вербаванне і подкуп вайскоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, гатовых удзельнічаць у сілавым звяржэнні дзейнай улады за ўзнагароджанне. Нібыта зафіксавана два выпадкі перадачы грошай.
Бычак адзначыў, што ў сакавіку КДБ атрымаў інфармацыю аб магчымым прыбыцці Зянковіча ў Маскву. Там была праведзеная сумесная спецаперацыя з ФСБ Расеі.
Пачатая крымінальная справа паводле арт. 357 КК. Затрыманым пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Зараз яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што затрыманыя ў Беларусі і Расеі беларускія апазіцыйныя палітыкі Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў і Юрась Зянковіч нібыта рыхтавалі з дапамогай амерыканскіх спецслужбаў дзяржаўны пераварот і замах на самога Лукашэнку. Гэтыя звесткі затым пацвердзілі ў КДБ Беларусі ды ФСБ Расеі.
Тыя фігуранты справы, якія не былі затрыманыя, абвяргаюць выстаўленыя ім абвінавачанні.
МГ belsat.eu