Былы беларускі спецназавец Ігар Макар, які стаў фігурантам новай крымінальнай справы пра нібыта падрыхтоўку замаху на Аляксандра Лукашэнку, у інтэрв’ю «Белсату» абвяргае сваю датычнасць да гэтага.
Ігар Макар заявіў, што не арганізоўваў сустрэчу ў Маскве з сілавікамі і нават «не быў у курсе, што туды паляцеў» Юрась Зянковіч. Паводле яго, ён таксама даведаўся пра затрыманне Зянковіча толькі праз некалькі дзён пасля затрымання Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва.
«Да гэтага мяне папярэдзілі мае калегі, якія працуюць у Камітэце, што выехала група на затрыманне Дзмітрыя Балкунца, майго сябра. Я з Дзімам звязаўся, а ён мне не адказаў. Я яму шмат разоў пісаў, і пасля праз два дні Дзіма выйшаў на сувязь і мне адпісаў. Таму я яму распавёў, што ён проста па лязу нажа прайшоў», – сказаў былы спецназавец.
Ён падкрэсліў, што «на сённяшні дзень можна папярэджваць усіх, хто знаходзіцца ў Маскве і хто нязгодны з рэжымам Лукашэнкі».
«Лукашэнка робіць усе захады, каб проста абезгаловіць апазіцыю. Гэта надуманае злачынства, гэтага нічога не было. Мы размаўлялі ў адкрытым «Zoom» на амерыканскім форуме, запіс рассылаўся шмат якім калегам. Там нічога не хавалася, і я нават цяпер кажу, што нязгодны з тым, што Лукашэнка ва ўладзе. І я буду прыкладаць усе намаганні, каб гэтага не было», – падкрэсліў Ігар Макар.
Ён дадаў, што адміністратарам запісанай размовы ў «Zoom» быў Юрась Зянковіч, які і запісваў размовы і рассылаў яе пасля «шмат якім людзям».
Ігар Макар таксама абвяргае, што менавіта ён мог здаць сілавікам затрыманых, бо ўжо раней, напрыклад, быў фігурантам фільму «Манкурты». Паводле яго, перавезці з Беларусі ў краіны Еўразвяз супрацоўніка КДБ, пра якога пасля распавядалі ў фільме на дзяржаўным тэлебачанні, яго асабіста прасіў Сцяпан Пуціла (NEXTA). А ў групу з апошняга расследавання яго запрашалі Дзмітрый Шчыгельскі і Юрась Зянковіч у выніку агульнага кансэнсусу астатніх чальцоў групы.
На яго думку, з Юрасём Зянковічам і Аляксандрам Фядутам у Маскве сустракаліся падстаўныя контрвыведнікі КДБ.
«У Маскве сувязі ў мяне былі – гэта праўда. І тое, што я планаваў рабіць, – гэта таксама праўда. Але гэта не так маштабна, як зараз заяўляецца. Я нават не ўяўляю, як гэта зрабіць, бо ў гэтай сітуацыі гэта немагчыма. І з вайскоўцамі я б нічога не рабіў, абсалютна. Адзінае, што трэба, – каб Расейскай Федэрацыя не падтрымлівала рэжым Лукашэнкі. Гэта для мяне было важным. Каб расейскія войскі, калі народ будзе ваяваць за сваю зямлю – бо з Лукашэнкам проста ўжо не будзе ніяк, не зайшлі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліў Ігар Макар.
Былы спецназавец таксама выказаў згоду даць паказанні кампетэнтным органам Еўразвязу ці Літвы, каб даказаць, што ён не з’яўляецца шпіёнам.
Размаўляў з Ігарам Макарам Ігар Кулей.
МГ belsat.eu