Каманда Харватыі перамагла Марока ў гульні за трэцяе месца на чэмпіянаце свету па футболе. Матч скончыўся з лікам 2:1. Харваты бяруць медалі другі турнір запар.
Футбалісты Харватыі абыгралі Марока і занялі трэцяе месца на чэмпіянаце свету па футболе ў Катары. Матч скончыўся з лікам 2:1.
Першыя галы адбыліся на самым пачатку гульні. На 7-й хвіліне забіў Ёшка Гвардыёл, мараканцы адказалі праз дзве хвіліны: адзначыўся Ашраф Дары. Канчатковы лік устанавіў на 42-й хвіліне форвард харвацкай каманды Міслаў Оршыч.
Футбалісты Харватыі сталі медалістамі на другім запар чэмпіянаце свету. На мінулым турніры, які праходзіў у Расеі, каманда ўзяла срэбра, саступіўшы ў фінале французам.
Для зборнай Марока цяперашні турнір наогул гістарычны. Дагэтуль яна ніколі не праходзіла далей за 1/8 фіналу. Болей за тое, ніколі ў гісторыі ніводная афрыканская ды арабская каманда не трапляла ў паўфінал ЧС.
Заўтра вызначыцца пераможца чэмпіянату свету па футболе 2022 года. За кубак пазмагаюцца зборныя Аргенціны ды Францыі. Гульня пачнецца а 18-й гадзіне паводле менскага часу.
Сяргей Крот belsat.eu